выганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да выгнаць.
вы́гар, ‑у; мн. вы́гары, ‑аў; м.
Участак лесу, балота, сенажаці, выпалены агнём, пажарам. Рэкі сталі позна, а на топкіх балотах асобныя выгары і цяпер дымяцца сіняй парай. Ермаловіч.
вы́гараваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.
1. што. Дабіцца чаго‑н. цяжкай працай.
2. Многа пагараваць, нагаравацца.
3. што. Дамагчыся чаго‑н. пасля доўгіх пакут і намаганняў. [Купала:] — А зямля наша — будзе. Пэўна ж, не такая краіна, як цяпер, але з усім добрым, што выгараваў і выкаваў народны дух, які жыве ў яе імені. Лужанін.
вы́гараджаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выгарадзіць.
вы́гарадзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
Разм.
1. Выдзеліцца агароджай з чаго‑н., адгарадзіцца. [Сымон:] — Думаю, выгараджуся ад гіцля, а то ён [Халуста] і глыбей палезе, дык ён бачыш што! Кажа, што яго зямлю заняў. Чарнышэвіч.
2. перан. Ухіліцца ад адказнасці за недазволеныя ўчынкі.
вы́гарадзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Выдзеліць якую‑н. плошчу агароджай. Выгарадзіць прагон для жывёлы.
2. перан. Разм. Узяць пад абарону, апраўдаць каго‑н. з вінаватых. Страйболаў.. імкнуўся апраўдацца, выгарадзіць сябе перад Дзерашам. Шынклер.
вы́гаралы, ‑ая, ‑ае.
1. Выпалены. На выгаралым іржышчы ляжала кучка шызага попелу. Бядуля. // Які пасох, загінуў ад спёкі. А тут, ля будана, па бурай, выгаралай траве скакалі цвыркуны-конікі. Асіпенка.
2. Які страціў афарбоўку ад уздзеяння сонца. Выгаралыя ад сонца валасы ўпалі на лоб і густым ценем засцілі хударлявы, загарэлы твар. Дуброўскі.
выгара́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. выгара́ць — вы́гараць (у 1, 2 знач.).
вы́гараць 1, ‑рыць; зак.
1. Згарэць поўнасцю, да канца. Выгаралі дровы ў печы. Выгарала газа ў лямпе. □ Тры гады назад выгаралі Мікуцічы, і тады дзядзька Марцін надумаўся пабудавацца тут, дзе было прастарней і спакайней. Колас. // Пасохнуць, загінуць ад спёкі. Пасека аж белая ад іх, нібы гэта не сіўцы, а ржышча выгарала, адлежалася пад сонцам, вымакла, як каноплі ў вадзе, а цяпер зноў узнялося шчоткай. Пташнікаў.
2. Выліняць, страціць натуральны колер пад уздзеяннем сонца. Валасы.. [хлапчуковы] белыя.. выгаралі на сонцы і сталі рыжаватымі. Чарнышэвіч.
вы́гараць 2, ‑рыць; зак.
Разм. Станоўча вырашыцца, удацца. [Аканом] крычаў, але разумеў, што справа яго не выгарала, што не прымусіць ён ні парабчанак, ні парабкоў рабіць за дваіх. Чарнышэвіч.
выгара́ць 1, ‑а́е.
Незак. да вы́гараць 1.
выгара́ць 2, ‑ае.
Незак. да вы́гараць 2.
вы́гарбіцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
Выгнуцца, набыць форму, падобную на горб. Раптам з зямлі вострымі мечавіднымі праменямі выбухнуў агонь, мост нехаця і цяжка выгарбіўся і рухнуў уніз. Дуброўскі.