Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сінтаміцы́н, ‑у, м.

Антыбіётык, які выкарыстоўваецца пры лячэнні гнойна-запаленчых працэсаў.

сінтаміцы́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сінтаміцыну, у састаў якога ўваходзіць сінтаміцын. Сінтаміцынавая эмульсія.

сі́нтэз, ‑у, м.

1. Метад навуковага даследавання, які выходзіць з вывучэння прадмета, з’явы ў цэлым, у адзінстве і ўзаемасувязі яго частак; проціл. аналіз. // Кніжн. Злучэнне, абагульненне. Не паралельна, а ў арганічным сінтэзе паказваюцца ў творах істотныя працэсы народнага жыцця. Дзюбайла.

2. Атрыманне складаных рэчываў з больш простых. Сінтэз бялкоў. Сінтэз каўчуку.

[Ад грэч. sýnthesis — злучэнне, спалучэнне.]

сінтэзава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сінтэзаваць.

сінтэзава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сінтэзаваць.

2. у знач. прым. Утвораны шляхам сінтэзу (у 1 знач.); абагульнены. Сінтэзаваны вобраз.

3. у знач. прым. Атрыманы шляхам сінтэзу (у 2 знач.). Сінтэзаваны вуглевадарод.

сінтэзава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Утварыцца (утварацца) шляхам сінтэзу (у 1 знач.); абагульніцца (абагульняцца), злучыцца (злучацца). Элементы рэальнага быцця, сапраўдных чалавечых дзеянняў, духоўных праяў сінтэзаваліся ў прывабны вобраз волата. Перкін. У раманах Чорнага, напісаных у гады вайны, сінтэзуюцца вядучыя праблемы; характэрныя для ўсёй яго творчасці. Дзюбайла.

2. Утварыцца (утварацца) шляхам сінтэзу (у 2 знач.).

3. Зал. да сінтэзаваць.

сінтэзава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

1. Зрабіць (рабіць) сінтэз (у 1 знач.); злучыць (злучаць), абагульніць (абагульняць). Як ні адзін з сучаснікаў, Купала сінтэзаваў набыткі літаратуры мінулага стагоддзя. Ярош.

2. Атрымаць (атрымліваць), утварыць (утвараць) шляхам сінтэзу (у 2 знач.). Сінтэзаваць фарбавальнікі.

сінтэ́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Сінтэтычны матэрыялы; вырабы з сінтэтычных матэрыялаў. Дываны з сінтэтыкі.

сінтэты́чнасць, ‑і, ж.

Сінтэтычны характар чаго‑н. Паэма вызначалася сінтэтычнасцю, вялікім ахопам падзей у часе і прасторы. Гіст. бел. сав. літ.

сінтэты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Заснаваны на прымяненні сінтэзу (у 1 знач.). Сінтэтычны метад даследавання. Аналітычная і сінтэтычная дзейнасць кары вялікіх паўшар’яў.

2. Які мае адносіны да сінтэзу (у 2 знач.). Сінтэтычная хімія. Сінтэтычны спосаб атрымання салянай кіслаты. // Атрыманы ў выніку сінтэзу якіх‑н. рэчываў; штучны. Сінтэтычнае валакно. Сінтэтычны каўчук.

3. Кніжн. Які злучае ў адно цэлае асобныя элементы; абагульнены. Сінтэтычны паказ рэчаіснасці. □ Мастацкі вобраз па прыродзе сваёй сінтэтычны, зборны. Але матэрыял для яго дае толькі жыццё. «Полымя».

4. Разм. Выраблены з сінтэтыкі. Сінтэтычны світэр.

•••

Сінтэтычныя мовы — мовы, у якіх адносіны паміж словамі ў сказе выражаюцца формамі саміх слоў.