выгаблёўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да выгаблёўваць.
выгаблёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да выгаблеваць.
вы́гавараны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выгаварыць (у 1, 2 знач.).
вы́гаварыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Разм. Выказаць усё да канца. І захацелася Якаву хоць раз у жыцці выгаварыцца перад людзьмі, падзяліцца з імі сваім горам. Лобан. Сідар маўчаў і паціху ўсміхаўся, чакаючы, калі Клім выгаварыцца і сціхне. Галавач.
вы́гаварыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
1. што. Вымавіць, сказаць. Слова не дае выгаварыць. □ — Казічак, сыночак... — паўтарае адно маці — і больш ні слова не можа выгаварыць. Васілевіч.
2. што. Разм. Дамагчыся абяцання чаго‑н. Выгаварыць тыдзень адтэрміноўкі. □ Бярвенне — толькі прычэпка, галоўнае — дзяляначку новую выгаварыць. Лобан.
3. каму. Разм. Прабраць. — Пасаромеліся б. Са старым чалавекам гаворыце, — выгаварыла дзяўчатам Аўдоля Пракопіха. Васілевіч.
выгаво́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да выгаварыцца.
2. Зал. да выгаворваць.
выгаво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да выгаварыць.
вы́гада, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Карысць, прыбытак; разлік. На аснове ўзаемнай выгады. Двайная выгада. □ [Ціток:] — Якая ж выгада, пане мой, добраму гаспадару з гэтым лесам знацца, калі б заработку ніякага не было? Лобан.
2. Тое, што і выгода (у 1, 2 знач.). [Павел Сцяпанавіч:] — Тут, дзе павінна стварыцца затока, самая выгада для гусей і качак. Паслядовіч.
вы́гадаваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выгадаваць.
вы́гадавацца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.
Дасягнуць сталага ўзросту; вырасці. Бацькоў сваіх Таццяна не ведала, яна выгадавалася ў дзіцячым доме. Васілёнак. — Тата, чаму мне не страшна ў лесе?.. — Таму, дачушка, — адказаў ляснік, — што ты ў лесе радзілася, выгадавалася і ўвесь час жывеш... Чарот.