сіве́ц, сіўцу, м.
Шматгадовая травяністая расліна сямейства злакаў з цвёрдым шчацінападобным сцяблом, якая сустракаецца на дрэннай пашы, лузе. За шляхам, што вёў у Старочын, ляжаў абшар пяску, парослы рэдзенькім сіўцом. Чарнышэвіч. Там [на пустыры] нават трава людская не расце. Адзін сівец з быльнягом толькі раскашуюцца ўлетку. Якімовіч.
сіве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Рабіцца сівым. «Ці то сівець пачаў [Глеб], ці то проста святло на валасах пераліваецца... Мы ж амаль равеснікі», — падумаў Макар. Дуброўскі. Дармо, што сівеюць мае аднагодкі — вучы нас, краіна, сягоння нанова! Вялюгін.
2. Віднецца, вылучацца здалёк (пра што‑н. шаравата-белае, сівое); шарэць. Сівелі ўзгоркі ад палыну і шэрай квецені лебяды, іржа кепскага шчаўя зацягнула пожні. Хадкевіч. Яшчэ не прыбіты дажджом попел сівеў на тым месцы, дзе стаялі хата і хлевушок. Кулакоўскі.
сівізна́, ‑ы, ж.
1. Сівыя валасы; сівы колер валасоў. [Бондар] выглядаў старэй за свае гады, бо сівізна ўжо ўбілася ў яго густыя чорныя вусы і пабяліла скроні. Чарнышэвіч. Сівізна ў бараду, а чорт у рабрыну. Прымаўка. // Пра старасць. І Даніла так правёў усё жыццё, — год за годам, адзін дзесятак за другім, — аж да сівізны. Бядуля.
2. перан. Шаравата-белы налёт па чым‑н.; шаравата-белы колер, афарбоўка чаго‑н. Сівізна старых камянёў. □ З кустоў і травы знікала сівізна замаразкаў. М. Ткачоў. Сасонкі яшчэ невысокія, але ўжо ўвабраліся ў сілу. Пасля дажджу адліваюць сівізной. Навуменка.
3. Сівінка ў футры. Собаль з сівізной. □ [Дзед:] «Ваш бабёр, свет Мікалаевіч, чагосьці»... «Ну, кажыце!».. — «Сівізна па ім пайшла.» Я здзівіўся: то ж на футры, ягамосці, сівізна якраз каштоўнасцю й была. Вялюгін.
4. перан. Даўніна, старажытнасць. Каб легенды глухой сівізны мне з даверам дубы шапталі. Бураўкін.
сіві́ла, ‑ы, ж.
У старажытных грэкаў, рымлян, яўрэяў і некаторых іншых народаў — адна з легендарных жанчын-прарочыц.
[Грэч. sibylla.]
сіві́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм.
1. Сівы волас. Вось гэты высокі стары з чорнай барадой і такімі ж чорнымі, без адзінай сівінкі, валасамі — старшы конюх калгаса. Шамякін.
2. перан. Шаравата-белы колер, афарбоўка чаго‑н. Лісце з сівінкай. Вінаград з сівінкай.
3. Лёгкая сівізна ў футры. Каракуль з сівінкай.
сіву́ха, ‑і, ДМ ‑вусе, ж.
Дрэнна ачышчаная жытняя гарэлка. [Язэп і Тамаш:] — Колькі мы можам выпіць гэтае самаробнае сівухі. Чорны. // Разм. Пра гарэлку наогул. І алкаголік даўгалыгі Сячэ сябе, сячэ за двух, Нібыта хоча з цела выгнаць Гарэлкі дух, сівухі дух! Сербантовіч.
сіву́ч, ‑а, м.
Млекакормячая жывёліна сямейства вушатых цюленяў.
сівучаня́ і сівучанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Дзіцяня сівуча.
сіву́чы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сівуча, належыць яму. Сівучая шкура.
сіву́шны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сівухі, уласцівы ёй. Сівушнае масла. □ [Афіцэр], відаць, толькі што пахмяліўся: ад яго нясло сівушным перагарам. Новікаў.