Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

магара́джа, ‑ы, м.

Да 1956 г. у Індыі вышэйшы тытул князя, якому падначальваліся некалькі іншых князёў. // Асоба, якая носіць гэты тытул.

[Ад санскр. mahārājā — вялікі цар.]

магары́ч, ‑у, м.

Разм. Пачастунак, які наладжвае той, хто атрымаў прыбытак ад якой‑н. здзелкі. — Матруна, і табе пісьмо! — крыкнула ў расчыненае акно Гэлька. — Магарыч піць пасля зайду! Марціновіч.

[Ад санскр. mahārig — выдаткі.]

маге́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Круглая высокая мужчынская шапка з лямцу, якую насілі раней сяляне; род капелюша. Адзеты [малады селянін] ў вышываную сарочку, на плячах — світка з саматканага сукна, падперазаная поясам, на нагах — лапці з аборамі да каленяў, на галаве — магерка. С. Александровіч.

магіка́не, ‑кан; адз. магіканін, ‑а, м.; магіканка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. магіканкі, ‑нак; ж.

Вымерлае племя паўночнаамерыканскіх індзейцаў.

•••

Апошні з магікан гл. апошні.

[Слова пачало ўжывацца пасля выхаду рамана амерыканскага пісьменніка Ф. Купера «Апошні з магікан».]

магіка́нін,

гл. магікане.

магіка́нка,

гл. магікане.

магі́ла, ‑ы, ж.

1. Яма для пахавання памёрлых. Капаць магілу. Засыпаць магілу. // Месца пахавання каго‑н., а таксама насып на гэтым месцы. Я ўсё шукаю матчыну магілу І не магу знайсці пасля вайны. Грахоўскі. // Месца, дзе загінуў хто‑н. Сябры, што загад атрымалі, Магутнаю рушылі сілай, І Прыпяці бурныя хвалі Для ворагаў сталі магілай. Нядзведскі.

2. у знач. вык. Разм. Аб чым‑н. вельмі небяспечным; смерць. Выйдзеш на дарогу, трапіш на фашысцкі патруль — і магіла. Новікаў.

3. у знач. вык. Разм. Будзе захавана ў тайне, у таямніцы. [Бондар:] — Вас, хлопцы, прашу — пра сямейны лагер ні гуку. Ведаем адны мы і — каб магіла. Навуменка.

•••

Брацкая магіла — агульная магіла воінаў, змагароў, загінуўшых за якую‑н. справу.

Адной нагой у магіле (стаяць) гл. нага.

Глядзець у магілу гл. глядзець.

Гнаць у магілу гл. гнаць.

Да (самай) магілы — да самай смерці.

Загнаць (увагнаць, звесці) у магілу гл. загнаць.

Знайсці магілу гл. знайсці.

Капаць магілу гл. капаць.

Легчы ў магілу гл. легчы.

На краі магілы гл. край.

магі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Памянш. да магіла (у 1 знач.).

магі́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да магілы. Магільны камень. Магільны насып.

2. Такі, як у магіле. Магільны холад. // Абсалютны, поўны (аб цішыні, спакоі). Магільная цішыня была ў Чыкілевічавай хаце, калі старшыня сельсавета агалошваў.. грозную рэвалюцыю. Колас.

3. Глухі, нізкі; замагільны (пра голас).

магі́льня, ‑і, ж.

Месца пахавання (склеп, грабніца і пад.) членаў аднаго роду, адной сям’і, выдатных дзеячаў і пад.