Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

датклі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які патрабуе асцярожных і тактычных адносін; далікатны. Датклівае пытанне.

даткну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Дакрануцца, прыткнуцца. Даткнуцца рукой да клямкі. Даткнуцца смыком да струн. □ Твар быў шорсткі: пасівераў; патрэскаліся вусны — да іх было не даткнуцца. Пташнікаў.

датла́, прысл.

Поўнасцю, зусім, без астатку. Хата згарэла датла. □ Свабодна весць у Крэмль маскоўскі Ідзе з сяла і да сяла, Як б’ецца з ворагам Паўлоўскі, Як нішчыць зграю іх датла. Глебка.

датле́лы, ‑ая, ‑ае.

Які датлеў, кончыў тлець. Датлелая цыгарка апякла .. пальцы. Самуйлёнак.

датле́ць, ‑ее; зак.

Кончыць тлець; тлеючы, дагарэць. Датлеў аганёк у ранішнім тумане. Бялевіч. Дровы ў печцы ўжо датлелі, Леглі спаць байцы. Астрэйка.

датлява́ць, ‑ае.

Незак. да датлець.

дато́плены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад датапіць.

дато́плівацца, ‑аецца; незак.

Зал. да датопліваць.

дато́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да датапіць.

дато́птваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да датаптаць.