дасе́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца і дасядзе́цца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
Разм.
1. Тое, што і даседзець, дасядзець.
2. Прасядзеўшы, прабыўшы доўга дзе‑н., наклікаць на сябе якія‑н. непрыемнасці, бяду. — Я ўжо даўно думаю — што мне рабіць, — загаварыў Валодзя. — Так можна даседзецца да таго, што нехта прыйдзе, возьме мяне і ў палон да немцаў завядзе. Арабей.
дасе́дзець, ‑седжу, ‑седзіш, ‑садзіць і дасядзе́ць, ‑сяджу, ‑сядзіш, ‑сядзіць; зак.
Прасядзець, прабыць да якога‑н. часу. Даседзець да канца лекцыі. Даседзець на спектаклі да канца.
дасе́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дасеяць.
дасе́ўкі, ‑севак; адз. няма.
Завяршэнне сяўбы. Спраўляць дасеўкі. □ — Сёння робім дасеўкі, таварыш камісар, — сказаў Кастусь, як быццам рапартуючы. — Апошнія гоні. Шахавец.
дасе́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад дасячы, дасекчы.
дасе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што.
1. Скончыць сяўбу чаго‑н. Дасеяць жыта. // Пасеяць што‑н. да якога‑н. месца. Дасеяць авёс да дарогі. // Скончыць засейванне якога‑н. участка. Дасеяць насенны ўчастак. Дасеяць яравое поле.
2. Скончыць прасейванне чаго‑н. Дасеяць муку.
дасказа́ць, ‑скажу, ‑скажаш, ‑скажа; зак., што.
Сказаць недагаворанае; выказаць што‑н. да канца; дагаварыць. Адчуваючы, што яна самае важнае ўжо асмелілася сказаць, .. [Ірынка] павышае голас да самых высокіх нот і перамагае сваю нерашучасць дасказаць усё да канца. Чорны. Рыгор не даў гаспадару дасказаць, рашуча не згадзіўшыся з яго прымірэнчымі ліберальнымі дарадамі. Гартны.
даска́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дасказаць.
даскака́цца, ‑скачуся, ‑скачашся, ‑скачацца; зак.
Разм. Скачучы, давесці сябе да якіх‑н. непрыемных вынікаў. // перан. Легкадумнымі, ганебнымі паводзінамі наклікаць на сябе непрыемнасці, бяду. Майбарада хутка праверыў кішэні забітых, забраў у Гопкеля нейкія паперы, агідліва паморшчыўся. — Даскакаўся, сукін сын. Шамякін.