Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́гадны, ‑ая, ‑ае.

1. Які дае выгаду, прыбытак, прыносіць карысць. Выгадны спосаб вядзення гаспадаркі. Выгаднае пагадненне.

2. Які мае перавагу; зручны, спрыяльны, добры. Выгаднае становішча. □ Месца для купання.. [хлопцы], на іх думку, выбралі самае выгаднае. Чарнышэвіч.

выгадо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выгадаваць.

вы́гайсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Гайсаючы, пабыць у многіх месцах.

вы́галадацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Захацець есці, прагаладацца. [Хлопцы] так выгаладаліся, што як бач апаражнілі міску салодкай кашы і да крошкі з’елі духмяны, прыпраўлены кменам хлеб. Корзун.

вы́галены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выгаліць.

вы́галець, ‑ее; зак.

Стаць пустым, голым. Мне здалося, што адразу, як.. [Марылька] пабегла, усё навокал выгалела, апусцела. Сабаленка.

вы́галіцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

Збрыць на сваім твары валасы, выбрыцца.

вы́галіць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

Зрэзаць брытвай валасы на чым‑н.; выбрыць.

вы́ган, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выганяць — выгнаць (у 1 знач.).

2. Месца каля вёскі, дзе пасецца жывёла, птушка. Тамаш перавёў позірк на выган, там Лукаш пасвіў кароў, якія разбрыліся па пашы. Гурскі. // Палоса зямлі для прагону жывёлы на пашу. Гнаць каровы на папас праз выган. □ Зялёным выганам-дарогай Пад берасцяны гул трубы Пляцецца статак крутарогіх. Танк.

вы́ганачны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Прызначаны для паскоранага росту раслін. Выганачная цяпліца.