Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вышэйпака́заны, ‑ая, ‑ае.

Сказаны, паказаны раней.

вышэйпамянёны, ‑ая, ‑ае.

Адзначаны, згаданы раней.

вышэйпералі́чаны, ‑ая, ‑ае.

Пералічаны раней.

вышэйпрыве́дзены, ‑ая, ‑ае.

Адзначаны раней.

вышэйска́заны, ‑ая, ‑ае.

Памянёны, сказаны раней.

вышэйстая́чы, ‑ая, ‑ае.

Больш высокі ў адміністрацыйных адносінах. Вышэйстаячая ўстанова.

вышэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. высокі (у 1–3 знач.).

2. Галоўны, кіруючы. Вышэйшы суд. Вышэйшыя органы ўлады.

3. Самы высокі па ступені развіцця. Вышэйшы жывёльны свет. Вышэйшыя грыбы. Вышэйшая нервовая дзейнасць.

4. Наступны за сярэднім (у сістэме асветы). Вышэйшая адукацыя. Вышэйшая навучальная ўстанова.

•••

Вышэйшая ступень параўнання гл. ступень.

выя́ва, ‑ы, ж.

1. Форма праяўлення чаго‑н.

2. Узнаўленне сродкамі мастацтва вонкавага, пачуццёва-канкрэтнага аблічча з’яў рэчаіснасці.

вы́явіцца, ‑яўлюся, ‑явішся, ‑явіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наглядна праявіцца; паказацца (пра што‑н. скрытае). У хлопца выявіліся добрыя арганізатарскія здольнасці, старанне, настойлівасць і акуратнасць у рабоце. Кулакоўскі. // Разм. Паказаць сябе. Макар Лагун ужо не раз казаў Сцёпку, чаму ён не ў ячэйцы, .. і чаму не выявіўся нічым, як бязбожнік. Колас. // Выкрыцца, стаць відавочным. Выявіліся недахопы. Выявілася нястача грошай.

2. безас. (звычайна ў спалучэнні са злучнікам «што»). Аказацца на самай справе, у выніку чаго‑н. Ужо з першых крокаў выявілася, што такое заданне даць лягчэй, чым яго выканаць. Якімовіч. Калі праверылі людзей, то выявілася, што ўсе былі ў зборы. Мележ. Як выявілася, рыбакі паехалі ў сяло. Краўчанка.

3. Разм. Выпісацца адкуль‑н. Выявіцца з дамавой кнігі.

вы́явіць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак., каго-што.

1. Знайсці, адшукаць; заўважыць. Ноччу пры святле ракет гітлераўцы яшчэ раз прачасалі ўчастак паўднёвых варот, але, як і першы раз, нікога не выявілі. Лупсякоў. Не пакідаць жа хлопца ў лесе або ў чужых людзей, дзе яго лёгка маглі б выявіць. Колас. // Выкрыць што‑н. Выявіць злачынства. □ [Свірыд] толькі што зрабіў вялікую шкоду і баіцца, каб яго не выявілі. Сабаленка.

2. Праявіць, выказаць якую‑н. скрытую якасць, уласцівасць. Выявіць талент. Выявіць спрыт. □ Навічок, калі яго абступіла дзетдомаўская дзетвара, адразу выявіў свой характар. Васілевіч. // Разм. Паказаць сябе. Сцёпка адчуваў патрэбу выявіць сябе хоць чым-небудзь у гэтую ноч. Колас.

3. Вызначыць па якіх‑н. прыкметах; высветліць. Выявіць запасы карысных выкапняў. Выявіць падрыхтоўку вучняў. // Бясспрэчна даказаць што‑н., выкрыць. У дакладзе.. Грышка выявіў прычыны ўсіх вясковых бед. Чорны.

4. Разм. Выпісаць, выключыць са складу. Выявіць кватарантаў.