дагарэ́лы, ‑ая, ‑ае.
Які дагарэў, перастаў гарэць.
дагарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Згарэць да канца ці да якога‑н. месца. Хата дагарэла. Адна абкураная печ сіратліва стаяла на вогнішчы. Шамякін. Вэня.. трымаў рукі ў саломе, пакуль запалка не дагарэла да пальцаў. Чорны.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Перастаць свяціцца; патухнуць. А зара як дагарыць, Усё звоняць камары. Танк.
3. перан. Зачахнуць, памерці. Увосень здароўе Зосі вельмі пагоршылася, і яна дагарэла, як свечка, на віду ў любага чалавека. Сабаленка.
дагаса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дагаснуць.
дага́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. дагас, ‑ла; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Канчаткова пагаснуць. Вогнішча дагасла. Зара дагасла.
2. перан. Згаснуць, памерці. А трэці [сын], пранізаны куляй наскрозь, Дагас у турме на Лукішках. Глебка.
дагаспада́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.
Разм. Гаспадарачы, дайсці да непажаданых вынікаў, давесці гаспадарку да заняпаду.
дагатава́цца, ‑туецца; зак.
Канчаткова згатавацца. Чай дагатаваўся.
дагатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
Скончыць гатаванне чаго‑н. Дагатаваць абед.
дагераты́п, ‑а, м.
Здымак, зроблены па спосабу дагератыпіі.
дагератыпі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Фатограф, спецыяліст па дагератыпіі.
дагераты́пія, ‑і, ж.
Даўнейшы спосаб фатаграфавання на металічную пласцінку, пакрытую слоем ёдзістага серабра.
[Ад імя фр. мастака Дагера і грэч. typos — адбітак.]