вы́снавацца, ‑снуецца; зак.
Вырысавацца, акрэсліцца (пра думку, погляд і пад.). У як бы выпусташаную беспрытомнасцю Галіну галаву прыйшла думка. Яна спачатку была невыразная, нясмелая, але праз момант выснавалася ва ўспамін. Сабаленка.
вы́снаваць, ‑сную, ‑снуеш, ‑снуе; зак., што.
1. Зрабіць, стварыць аснову чаго‑н.; аснаваць. Выснаваць узор.
2. перан. Аналізуючы факты, падзеі, зрабіць які‑н. вывад, выснову, абгрунтаваць што‑н. Думка ліхаманкава працавала і нарэшце выснавала нешта падобнае на апраўданне. Сабаленка.
вы́снены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад высніць.
вы́сніць, ‑сню, ‑сніш, ‑сніць; зак., каго-што.
Убачыць у сне, марах; сасніць. Усё, што высніў хлапчуком, Дарэшты спраўдзіў у паходах. Кірэенка.
высно́ва, ‑ы; Р мн. ‑сноў; ж.
Вывад, заключэнне. Зрабіць выснову. □ [Карызна] ужо дасканала праверыў свае .. адносіны, свае пачуцці да.. [жонкі] і зрабіў рашучую канчатковую выснову. Зарэцкі.
высно́ўвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да выснавацца.
2. Зал. да высноўваць.
высно́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да выснаваць.
высо́зны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і высачэзны. Крайнім будынкам ад Нёмана супраць броду была старая карчма на высозным падмурку. Колас.
высо́ка,
1. Прысл. да высокі.
2. у знач. вык. Аб вялікай адлегласці ўверх. Сонца было ўжо высока, калі Віця выйшаў з хаты. Чарнышэвіч.
высока... (а таксама высака...).
Першая састаўная частка складаных слоў: 1) якая адпавядае па значэнню словам «вельмі», «у найвышэйшай ступені», напрыклад: высокаадукаваны, высокаарганізаваны, высокаўраджайны, высокачуллівы, высокаэфектыўны; 2) якая адпавядае слову «высокі» (у 1 знач.), напрыклад: высокабартовы; 3) у дарэвалюцыйным тытулаванні чыноў, больш высокіх па ступені, напрыклад: высокаблагароддзе, высокаправасхадзіцельства (ужывалася з займеннікамі «ваша», «яго», «яе», «іх»).