Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

высо́чвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да высочваць.

высо́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да высачыць.

вы́спа, ‑ы, ж.

Невялікі востраў, часцей пясчаны. Пасярод ракі цягнецца прадаўгаватая пясчаная выспа. В. Вольскі. [Бранавіцкі:] — Сярод гэтых лясоў сустракаюцца выспы, абкружаныя балотамі. Чарнышэвіч.

вы́спаведацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. У веруючых хрысціян — пабыць на споведзі; пакаяцца ў грахах.

2. перан. Разм. Расказаць шчыра пра што‑н.; прызнацца, пакаяцца ў чым‑н. Каму, каму, а Бачурку нават выспавядацца мог Сашка. Гроднеў.

вы́спаведаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

1. Справіць абрад споведзі.

2. перан. Разм. Прабраць каго‑н. за што‑н.

вы́спацца, ‑сплюся, ‑спішся, ‑спіцца; зак.

Сплючы, адпачыць. Выспацца да ўсходу сонца. Добра выспацца. // Паспаць уволю; адаспацца. Была нядзеля, тэрміновай работы не было, і.. [Маша] вырашыла выспацца за ўсе тры начы. Шамякін.

вы́спаць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак.

Разм. Праспаць які‑н. час. [Цётка Гарпіна:] — Такую ноч нават цяжка выспаць, не тое, што выседзець, не звёўшы вока. Сабаленка.

вы́спелены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выспеліць.

вы́спеліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Даць магчымасць паспець. Выспеліць памідоры на сонцы.

вы́спелы, ‑ая, ‑ае.

Які добра выспеў. Выспелы гарбуз.