Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

высокаўрадлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які забяспечвае высокі ўраджай. Высокаўрадлівыя землі.

высокачасто́тны, ‑ая, ‑ае.

Які адносіцца да токаў высокай частаты. Высокачастотны генератар. Высокачастотны нагрэў.

высокашано́ўны, ‑ая, ‑ае (звычайна ў звароце да каго‑н.).

Які заслугоўвае вялікай пашаны; высокапаважаны.

высокашыро́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да высокіх шырот, знаходзіцца ў высокіх шыротах.

высо́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі, працяглы знізу ўверх; проціл. нізкі. Высокі дом. □ На парозе паказаўся высокі стары ў цёмнай кашулі,.. з люлькаю ў зубах. Якімовіч. Велізарны, высокі, ясна асветлены зал быў перапоўнены. Самуйлёнак. Над намі шушукаюцца высокія гордыя хвоі. Бядуля. // Які знаходзіцца на значная вышыні над узроўнем мора. Высокая мясцовасць. Высокія горы.

2. Значна большы за сярэднюю норму. Высокія тэмпы развіцця. Высокі ўраджай. Высокая тэмпература. □ Напярэдадні майскага свята механічны цэх.. узяў самыя высокія абавязацельствы. Шыцік.

3. Добры па якасці; выдатны. Высокае майстэрства. Высокая культура. Высокая тэхніка.

4. Выдатны па свайму значэнню, вельмі важны; пачэсны, шаноўны. Высокая ўзнагарода, пасада. Высокі гонар. Высокі госць.

5. Поўны глыбокага значэння, незвычайны па свайму зместу. Высокія ідэі. Высокая мэта. □ Напоўнены сэрцы Пачуццём высокім; Нас гордасць шугае Патокам глыбокім. Колас.

6. Вытанчаны, рафінаваны. Высокае мастацтва. Высокая культура.

7. Тонкі, рэзкі (пра гукі). Высокі голас. Высокая нота. □ З дынаміка пачуліся перарывістыя гукі: то высокія, то нізкія. Шыцік. З кузні ляцеў звон сухі, высокі. Пташнікаў.

•••

Высокі стыль — стыль, уласцівы ўрачыстай паэзіі, прозе.

Высокія шыроты — шыроты, далёкія ад экватара, блізкія да полюсаў.

Птушка высокага палёту гл. птушка.

высо́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. высоўваць — высунуць.

высо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да высунуцца.

2. Зал. да высоўваць.

высо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да высунуць.

высо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Прыстасаваны для высоўвання. Высоўная скрынка.

высо́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. высочваць — высачыць.