магамета́нства, ‑а, н.
Рэлігія, заснаваная, паводле арабскіх паданняў, у 7 ст. н. э. прарокам Магаметам у Аравіі; мусульманства, іслам.
мага́р, ‑у, м.
Аднагадовая кармавая расліна сямейства злакаў; род проса.
магара́джа, ‑ы, м.
Да 1956 г. у Індыі вышэйшы тытул князя, якому падначальваліся некалькі іншых князёў. // Асоба, якая носіць гэты тытул.
[Ад санскр. mahārājā — вялікі цар.]
магары́ч, ‑у, м.
Разм. Пачастунак, які наладжвае той, хто атрымаў прыбытак ад якой‑н. здзелкі. — Матруна, і табе пісьмо! — крыкнула ў расчыненае акно Гэлька. — Магарыч піць пасля зайду! Марціновіч.
[Ад санскр. mahārig — выдаткі.]
маге́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Круглая высокая мужчынская шапка з лямцу, якую насілі раней сяляне; род капелюша. Адзеты [малады селянін] ў вышываную сарочку, на плячах — світка з саматканага сукна, падперазаная поясам, на нагах — лапці з аборамі да каленяў, на галаве — магерка. С. Александровіч.
магіка́не, ‑кан; адз. магіканін, ‑а, м.; магіканка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. магіканкі, ‑нак; ж.
Вымерлае племя паўночнаамерыканскіх індзейцаў.
•••
Апошні з магікан гл. апошні.
[Слова пачало ўжывацца пасля выхаду рамана амерыканскага пісьменніка Ф. Купера «Апошні з магікан».]
магі́ла, ‑ы, ж.
1. Яма для пахавання памёрлых. Капаць магілу. Засыпаць магілу. // Месца пахавання каго‑н., а таксама насып на гэтым месцы. Я ўсё шукаю матчыну магілу І не магу знайсці пасля вайны. Грахоўскі. // Месца, дзе загінуў хто‑н. Сябры, што загад атрымалі, Магутнаю рушылі сілай, І Прыпяці бурныя хвалі Для ворагаў сталі магілай. Нядзведскі.
2. у знач. вык. Разм. Аб чым‑н. вельмі небяспечным; смерць. Выйдзеш на дарогу, трапіш на фашысцкі патруль — і магіла. Новікаў.
3. у знач. вык. Разм. Будзе захавана ў тайне, у таямніцы. [Бондар:] — Вас, хлопцы, прашу — пра сямейны лагер ні гуку. Ведаем адны мы і — каб магіла. Навуменка.
•••
Брацкая магіла — агульная магіла воінаў, змагароў, загінуўшых за якую‑н. справу.
Адной нагой у магіле (стаяць) гл. нага.
Глядзець у магілу гл. глядзець.
Гнаць у магілу гл. гнаць.
Да (самай) магілы — да самай смерці.
Загнаць (увагнаць, звесці) у магілу гл. загнаць.
Знайсці магілу гл. знайсці.
Капаць магілу гл. капаць.
Легчы ў магілу гл. легчы.
На краі магілы гл. край.
магі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Памянш. да магіла (у 1 знач.).