Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

даарфо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да даарфаваць.

дааста́тку, прысл.

Разм. Да канца, поўнасцю. [Колас] бярэ «Калевалу» і чытае проста са старонкі, але па-беларуску: Не пяе пясняр вялікі Усіх песень даастатку — Куды лепей запыніць іх, Перарваць у палавіне... Лужанін.

даа́тамны, ‑ая, ‑ае.

Які быў, існаваў да выкарыстання атамнай энергіі. Самыя лепшыя даатамныя падводныя лодкі мелі максімальную хуткасць пад вадой 25–27 кіламетраў у гадзіну.

даатрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Дадаткова атрымаць што‑н. Даатрымаць грошы па пераразліку.

даатры́млівацца, ‑аецца; незак.

Зал. да даатрымліваць.

даатры́мліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да даатрымаць.

даба́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць дабаўкай да чаго‑н.; дадатковы. Дабавачны паёк. Дабавачныя сродкі.

даба́віцца, ‑віцца; зак.

Дадаткова далучыцца да чаго‑н.; прыбавіцца, падбавіцца. Дабавіўся новы клопат. / у безас. ужыв. Літаратуры фальклорнай у нас крыху дабавілася. Скрыган.

даба́віць, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак., каго-што і чаго.

Дадаць таго, чаго дзе‑н. не хапае, або прыбавіць звыш таго, што ёсць ці павінна быць. Дабавіць цукру ў чай. // а таксама пра што і з дадан. сказам. Сказаць ці напісаць што‑н. у дадатак. Калі ўжо гутарка зайшла, і я дабаўлю пра асла. Бачыла. — Дабавім, што вучыліся ў старой Чыжэвіцкай школе, бо новая толькі ў гэтым годзе пачне працаваць. Кулакоўскі.

дабаранава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак.

1. што і без дап. Закончыць баранаванне; забаранаваць увесь які‑н. зямельны ўчастак. — Бедная дзяўчынка, — з горыччу прашаптаў Жастоўскі. — Не дабаранавала сваю палоску... Кулакоўскі. // Забаранаваць да якога‑н. месца. Дабаранаваць да лесу.

2. Прапрацаваць на баранаванні да якога‑н. часу. Дабаранаваў да паўдня.