вы́звалены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад вызваліць.
2. у знач. прым. Які атрымаў свабоду, незалежнасць дзякуючы чыім‑н. намаганням. Два гады мірнай працы на вызваленай зямлі былі для.. [камуністаў] шчаслівым этапам на шляху барацьбы. Брыль. // Службовая нагрузка якога абмяжоўваецца партыйнай, камсамольскай ці прафсаюзнай работай. Вызвалены сакратар парткома.
3. у знач. наз. вы́звалены, ‑ага, м. Той, хто атрымаў вызваленне. Вызваленых засыпалі пытаннямі.
вызвалі́цель, ‑я, м.
Той, хто вызваліў ці вызваляе каго‑, што‑н. Воіны-вызваліцелі. □ Сержант Амяллян Кручын у марах бачыў ужо сябе вызваліцелем родных мясцін, па якіх сумаваў усю вайну. Хадкевіч.
вы́зваліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.
1. Атрымаць незалежнасць, стаць свабодным. Вызваліцца з-пад сацыяльнага і нацыянальнага ўціску.
2. Зняць з сябе што‑н., пазбавіцца ад чаго‑н., што сціскае, абмяжоўвае. Вера Антонаўка нецярпліва вызвалілася з абдымкаў і скоранька пабегла назад на дарогу. Карпаў. / у перан. ужыв. Галынскі сеў за стол. Ён пазіраў на прысутных і ніяк не мог вызваліцца ад дум. Галавач.
3. Стаць свабодным ад спраў, абавязкаў і пад. Вызваліцца ад работы. □ [Начальнік:] — Перадай пракурору, няхай пачакае — вызвалюся, паедзем разам. Карпаў.
4. Стаць пустым, незанятым (пра памяшканне). [Гаспадыня:] — Вызваліцца тая кватэра, зноў зоймеце, калі захочаце. Пальчэўскі.
вы́зваліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.
1. Зрабіць свабодным каго‑, што‑н., даць свабоду каму‑, чаму‑н. Вызваліць арыштаваных. Вызваліць з няволі. □ Граніца, што штучна падзяляла беларускую зямлю на дзве часткі, была сцёрта ў верасні 1939 года, калі Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь з-пад панскага прыгнёту. Хадкевіч. [Камлюк:] — Трэба не толькі вызваліць зняволеных, але і адсекчы шлях адступленне для франтавых часцей праціўніка. М. Ткачоў.
2. Адваяваць захопленую ворагам тэрыторыю. Вызваліць горад ад захопнікаў.
3. Выратаваць, даць магчымасць пазбегнуць чаго‑н. Вызваліць людзей ад немінучай смерці. □ [Грыша:] — Не лепшага я шукаю, а хачу ад лішняга клопату вызваліць вас [дзядзьку]. Пальчэўскі.
4. Выслабаніць каго‑, што‑н. ад чаго‑н. грувасткага, цяжкага і пад. Вялічка вызваліў грудзі ад трушчанай цэглы і ўбачыў, што іх залівае кроў. Чорны. Нявідны вырываўся з усіх сіл, каб вызваліць рукі. Колас.
5. Звольніць, зняць з работы. [Сухадольскі:] — Прашу вызваліць мяне ад абавязкаў галоўнага інжынера. Крапіва.
вызваля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да вызваліцца.
2. Зал. да вызваляць.
вызваля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да вызваліць.
вы́званіць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць.
Зак. да вызвоньваць (у 1 знач.).
вы́звацца, ‑завуся, ‑завешся, ‑завецца; зак.
Добраахвотна згадзіцца выканаць што‑н. Вызвацца ў разведку. □ Якуб Вастроў, малады хлопец, вызваўся з’ездзіць да барака прывезці вады. Лупсякоў.
вы́зваць, ‑заву, ‑завеш, ‑заве; зак., каго-што.
Тое, што і выклікаць.