Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́даліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

1. Прымусіць выйсці, знікнуць; перамясціць. Выдаліць пабочных асоб. Выдаліць прымесі. □ А Мурамцаў усяго толькі і зрабіў, што на першым пасяджэнні загадаў выдаліць з залы паліцыю. Колас.

2. Выразаць, вынуць шляхам аперацыі. Выдаліць пухліну. Выдаліць нырку.

выдаля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

Зал. да выдаляць.

выдаля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да выдаліць.

выда́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выдаць (у 4, 5 знач.).

2. Твор друку, які мае спецыфічныя асаблівасці ў знешнім афармленні, у падборы матэрыялаў і можа быць аднесены да пэўнага тыпу. Акадэмічнае, перыядычнае выданне.

3. Сукупнасць экземпляраў якога‑н. твора, надрукаванага з аднаго набору. Пятае выданне твораў У.І. Леніна.

•••

Афіцыйнае выданне — выданне, якое ажыццяўляецца ад імя ўрада ці кіраўніцтва якой‑н. грамадскай арганізацыі і мае заканадаўчы, нарматыўны або дырэктыўны характар.

На выданні — у тым узросце, калі пара выдаваць замуж. Дзве слаўныя дачкі ў Маланні. Прыгожыя, абедзве на выданні. Корбан.

выдара́цца, ‑аецца.

Незак. да выдарыцца.

вы́дарыцца, ‑рыцца; зак.

Разм. Нечакана настаць, здарыцца. — Бывае — скарынцы будзеш рад, — сказаў стары. — Мала якая патрэба выдарыцца. Баранавых. // Выдацца, выпасці (пра час). Вясна выдарылася цёплая, лагодная. □ [Аляксей] ведаў, што з гадзіны на гадзіну можа прыйдзецца ехаць на фронт, а тады невядома, калі выдарыцца вольная хвіліна. Мележ.

вы́дасканаленасць, ‑і, ж.

Уласцівасць выдасканаленага. Выдасканаленасць слыху, рухаў.

вы́дасканалены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад выдасканаліць.

2. у знач. прым. Вельмі развіты, вытанчаны, успрыімлівы. Выдасканалены слых.

вы́дасканаліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

Стаць тонкім, вострым, успрыімлівым.

вы́дасканаліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Развіваючы што‑н., дасягнуць дасканаласці, зрабіць больш тонкім, вострым, успрыімлівым. Выдасканаліць слых, стыль.