асяло́к, ‑лка, м.
1. Дробназярністы тачыльны камень; брусок.
2. Спец. Камень для выпрабавання каштоўных металаў.
3. перан. Тое, што з’яўляецца сродкам выпрабавання, выяўлення якіх‑н. уласцівасцей, якасцей і пад. На асялку [адносін да] прыроды правяраецца дабрата чалавека, яго, калі хочаце, маральныя якасці. Шкраба.
асянёны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад асяніць.
асяні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго.
Высок. Нечакана з’явіцца, узнікнуць (пра думку, здагадку і пад.); прыйсці на думку каму‑н. Раптам Барыса асяніла яшчэ адна ідэя. Асіпенка. І новая думка асяніла.. [цётку Ганну]. Шамякін.
асяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да асяніць.
асяро́дак, ‑дка, м.
1. Сярэдняя частка сцябла ці ствала расліны, якая адрозніваецца сваёй большай або меншай цвёрдасцю. Начамі на пажарышчы відаць было, як выгарвалі асяродкі ў дуплаватых смалістых соснах ды кедрах-веліканах. Пальчэўскі. // Металічны або з якога‑н. іншага матэрыялу шпень, устаўлены ў што‑н. Асяродак карандаша. Асяродак трансфарматара. // Сярэдзіна якога‑н. прадмета. Асяродак плода.
2. Сярэдняя, цэнтральная частка чаго‑н. Понізу іх [пагоркаў] разлягалася сенажаць, а ў асяродку яе — паважная Шчара. Вышынскі. // перан. Цэнтр, засяроджанне чаго‑н. Асяродак культуры. Асяродак рэвалюцыйнага руху. // Тое галоўнае, што выклікае найбольшую ўвагу ўсіх. Кампазіцыйны асяродак. □ І клуня, і кожная рэч у ёй, каб умелі гаварыць, расказалі б цікавую гісторыю свайго паходжання і ў самым асяродку быў бы дзед Баўтрук. Колас.
3. Тое, што і асяроддзе (у 1 знач.). Іх [вучняў] часта грубаватыя выхадкі ці звароты непасрэдна да яго.. [настаўнік] прапускаў між вушэй, ведаючы той грубы асяродак, з якога яны выйшлі. Колас.
асяро́дачны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і асяродкавы. Асяродачная драўніна.
асяро́ддзе, ‑я, н.
1. Сукупнасць прыродных або сацыяльных умоў, у якіх працякае жыццядзейнасць якога‑н. арганізма. Геаграфічнае асяроддзе. Сацыяльнае асяроддзе. □ З поля зроку савецкіх вучоных не павінны выпадаць праблемы навакольнага асяроддзя і народанасельніцтва, якія абвастрыліся за апошні час. Брэжнеў. // Сацыяльна-бытавыя абставіны, у якіх працякае жыццё чалавека. Мяшчанскае асяроддзе. // Супольнасць людзей, якія звязаны агульнасцю сацыяльна-бытавых умоў існавання, агульнасцю прафесіі, заняткаў і пад. Рабочае асяроддзе. Паэтычнае асяроддзе. □ Трапіўшы ў асяроддзе людзей, блізкіх яму,.. [Аляксей] ужо не мог прапусціць ні аднаго канцэрта. Вітка.
2. Спец. Рэчывы, целы, якія запаўняюць якую‑н. прастору і маюць пэўныя якасці. Воднае асяроддзе. Бескіслароднае асяроддзе. Пажыўнае асяроддзе.
асяро́дкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да асяродка (у 1 знач.). Асяродкавы слой. Асяродкавае рэчыва.
асятро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае дачыненне да асятра. Асятровая юшка. Асятровая ікра.
2. у знач. наз. асятро́выя, ‑ых. Сямейства рыб, да якога адносяцца: асетр, бялуга, сяўруга, сцерлядзь і інш.