асяро́дак, ‑дка, м.

1. Сярэдняя частка сцябла ці ствала расліны, якая адрозніваецца сваёй большай або меншай цвёрдасцю. Начамі на пажарышчы відаць было, як выгарвалі асяродкі ў дуплаватых смалістых соснах ды кедрах-веліканах. Пальчэўскі. // Металічны або з якога‑н. іншага матэрыялу шпень, устаўлены ў што‑н. Асяродак карандаша. Асяродак трансфарматара. // Сярэдзіна якога‑н. прадмета. Асяродак плода.

2. Сярэдняя, цэнтральная частка чаго‑н. Понізу іх [пагоркаў] разлягалася сенажаць, а ў асяродку яе — паважная Шчара. Вышынскі. // перан. Цэнтр, засяроджанне чаго‑н. Асяродак культуры. Асяродак рэвалюцыйнага руху. // Тое галоўнае, што выклікае найбольшую ўвагу ўсіх. Кампазіцыйны асяродак. □ І клуня, і кожная рэч у ёй, каб умелі гаварыць, расказалі б цікавую гісторыю свайго паходжання і ў самым асяродку быў бы дзед Баўтрук. Колас.

3. Тое, што і асяроддзе (у 1 знач.). Іх [вучняў] часта грубаватыя выхадкі ці звароты непасрэдна да яго.. [настаўнік] прапускаў між вушэй, ведаючы той грубы асяродак, з якога яны выйшлі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)