асу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Паступова апусціцца ўніз, асесці; спаўзці. І застагнала вёска, затрашчалі трухлявыя перакладзіны зрубаў, асунуліся на зямлю саламяныя стрэхі. Бажко. Глянуў угару Тараска, на сосны. А на галінах — поўна снегу. Вісіць глыбамі. Вось-вось асунецца ўніз. Юрэвіч.
2. Паволі апусціцца (пра чалавека або пра жывёлу); зваліцца, асесці. І толькі за поўнач.. [Геня] млява асунуўся на зямлю і заснуў моцным сном спрацаванага чалавека. Якімовіч.
3. перан. Моцна схуднець (пра твар або пра чалавека са схуднелым тварам); змарнець. [Ян Стафанковіч] з выгляду вельмі намнога пастарэў, асунуўся, стаў сухі і здаецца, яшчэ даўжэйшы, як быў. Чорны. Твар яе [Калістрыхі] пацямнеў, асунуўся. Пташнікаў. Ад цяжкіх думак і гора за цэлы дзень бедалага асунуўся, пахуднеў і на захадзе сонца ледзьве давалокся да вёскі следам за каровамі. Хадановіч.
асу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
Ссунуць з чаго‑н. уніз, заваліць што‑н. Асунуць край ямы.
асуча́сніванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. асучасніваць.
асуча́снівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
1. Незак. да асучасніцца.
2. Зал. да асучасніваць.
асуча́сніваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да асучасніць.
асуча́сніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Стаць бліжэй да патрабаванняў сучаснасці, духу часу, набыць сучасны выгляд. Горад асучасніўся.
асуча́сніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Зрабіць такім, які больш адпавядаў бы духу сучаснасці. Асучасніць п’есу.
асу́шак, ‑шка, м.
Край булкі свежага хлеба; сухі кавалак хлеба. [Якаў] адламаў кавалачак асушка, к роту паднёс. Лобан.
асуша́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да асушэння. Асушальныя работы. // Які прызначаны, служыць для асушэння. Асушальны канал.