асу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Паступова апусціцца ўніз, асесці; спаўзці. І застагнала вёска, затрашчалі трухлявыя перакладзіны зрубаў, асунуліся на зямлю саламяныя стрэхі. Бажко. Глянуў угару Тараска, на сосны. А на галінах — поўна снегу. Вісіць глыбамі. Вось-вось асунецца ўніз. Юрэвіч.

2. Паволі апусціцца (пра чалавека або пра жывёлу); зваліцца, асесці. І толькі за поўнач.. [Геня] млява асунуўся на зямлю і заснуў моцным сном спрацаванага чалавека. Якімовіч.

3. перан. Моцна схуднець (пра твар або пра чалавека са схуднелым тварам); змарнець. [Ян Стафанковіч] з выгляду вельмі намнога пастарэў, асунуўся, стаў сухі і здаецца, яшчэ даўжэйшы, як быў. Чорны. Твар яе [Калістрыхі] пацямнеў, асунуўся. Пташнікаў. Ад цяжкіх думак і гора за цэлы дзень бедалага асунуўся, пахуднеў і на захадзе сонца ледзьве давалокся да вёскі следам за каровамі. Хадановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)