Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

даку́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дакурыць.

дакуры́цца, ‑куруся, ‑курышся, ‑курыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Скончыць курыцца, патухнуць; скурыцца, выкурыцца да канца. Галавешка дакурылася. Папяроса дакурылася.

2. Разм. Празмерным курэннем давесці сябе да непрыемных вынікаў. Дакурыцца да рвоты.

дакуры́ць, ‑куру, ‑курыш, ‑курыць; зак., што.

Скончыць курэнне чаго‑н.; скурыць да канца. Дакурыць папяросу. □ Сцёпка дакурыў люльку, выбіў з яе попел, схаваў за пазуху і толькі тады падаўся памаленьку ў панскія пакоі. Якімовіч.

дакуча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Разм. Незак. да дакучыць.

даку́члівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дакучлівага. Можна было б паехаць і зараз, але гэта палічаць за нясціпласць, нетактоўнасць, дакучлівасць. Караткевіч.

даку́члівы, ‑ая, ‑ае.

Які дакучае, назаляе. Пачаліся восеньскія дажджы, частыя і дакучлівыя. Галавач. Коні матлялі галовамі, адганялі дакучлівых аваднёў. Новікаў.

даку́чны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дакучлівы. Дакучны камарыны звон Над рэчкай замірае. Танк.

даку́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

Разм. Надакучыць, абрыднуць. Лабановіч уздыхнуў лягчэй, як бы з яго плячэй зваліўся нейкі цяжар, бо дарога .. і лес усё ж такі дакучылі яму. Колас. А сонейка, сонейка, да заходзь жа скоранька! Як ты мне дакучыла, раненька усходзячы. З нар. песні.