Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дая́р, ‑а, м.

Муж. да даярка.

дая́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Работніца, якая доіць і даглядае кароў. На ферме звінелі бітоны, чуліся галасы даярак. Даніленка.

дая́рчын, ‑а.

Які належыць даярцы. Даярчын халат.

даясна́, прысл.

Дабяла, дачырвана. Жалеза нагрэлася даясна. □ Прыйшла не з краскамі вясна-красна. Распалілася даясна Нізкага неба скляпенне. Барадулін.

до́гляд і (разм.) дагля́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Дзеянне паводле дзеясл. даглядаць (у 3 знач.); нагляд, клопат. Догляд пасеваў. Догляд жывёлы. □ — Маленькі палетак можа даць большы ўраджай пры ўмелым доглядзе, чым вялікі без догляду. Пальчэўскі. Ася Арцёмава кожны дзень трывожыцца за мужа-франтавіка, за маленькую дачку, што засталася дома хворая без неабходнага догляду. Арабей.

до́мбра, ‑ы і дамбра́, ‑ы, ж.

Казахскі народны струнны музычны інструмент з корпусам акруглай формы.

до́раны і даро́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Атрыманы ў якасці падарунка; падораны.

до́ўбня, ‑і і даўбня́, ‑і, ж.

1. Вялікая палка з патаўшчэннем на канцы (для ўбівання чаго‑н., забою жывёлы і пад.). Машэка доўбняй замахнуцца яшчэ на некага спяшыць... Купала. Яшчэ парася ў чэраве, а доўбня ўжо гатова. З нар.

2. перан. Пагард. Пра няцямкага, дурнога чалавека.

до́ўгі, ‑ая, ‑ае і даўгі́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае вялікую даўжыню (у 1 знач.); проціл. кароткі. Жураўлі нібы плылі ў небе, выцягнуўшы тонкія ногі і доўгія шыі. Якімовіч. Падгіналіся каленкі ад доўгай дарогі. Лынькоў. Барак быў доўгі і нізкі. Чорны. // Большы ў даўжыню, чым патрэбна. Доўгая сукенка. Доўгае паліто. □ Штаны ў .. [Рыгоркі] доўгія, аж да пят. Якімовіч. // Разм. Высокі ростам (пра чалавека). [Сухарукі] быў доўгі .. і худы. Бядуля. За тое, што ён [дзядзька Мітрафан] быў доўгі, як жардзіна, і хударлявы, усе казалі на яго Чапяла. Бажко.

2. Працяглы ў часе. Доўгая разлука. Доўгі позірк. □ Сход быў доўгі, але спакойны. Чорны. Ногі ад доўгага сядзення замлелі, і .. [Віця] захістаўся. Чарнышэвіч.

3. Які працяжна вымаўляецца (пра гукі, склады). Доўгі гук.

•••

Доўгая песня (гісторыя) гл. песня.

Доўгі рубель гл. рубель.

Доўгі язык гл. язык.

Доўгія рукі гл. рука.