Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сілкава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; незак.

1. Есці, падмацоўвацца ежай. З гора забыўся, што трэба есці. Але я не стаў сілкавацца. Сабаленка. Антося наліла ў міску капусты, паставіла на стол і запрасіла Грышу: — Сілкуйся з дарогі, дзіцятка. Пальчэўскі. Алесь злез з воза і са здзіўленнем убачыў, што і яго Гняды таксама сілкуецца аўсом. Чарнышэвіч.

2. Спец. Атрымліваць адкуль‑н. што‑н. неабходнае для нармальнага дзеяння, функцыяніравання. Лямпы сілкуюцца ад паходнай электрастанцыі.

3. Зал. да сілкаваць.

сілкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

1. каго. Карміць, падмацоўваць ежай. Дзед Талаш сілкаваў Панаса хлебам і салам, спецыяльна спечаным тут жа на ражончыку над агнём. Колас.

2. што. Спец. Забяспечваць чым‑н. неабходым для нармальнага дзеяння, функцыяніравання. Сілкаваць кацёл вадой.

сілко́м, прысл.

Разм. Сілай; супраць волі; гвалтам. У поўдзень сястра і санітаркі заўважылі, што.. [Наталля Пятроўна] хворая, і сілком адаслалі яе дадому. Шамякін. Маці ледзь не сілком упіхнула Сцёпку ў аўтобус. Жычка. Дзяўчыну звязалі і сілком прывялі да князя. Дуброўскі. // Праз сілу, цераз сілу, з цяжкасцю. [Ганначка] цяжка дыхала, але ішла і ішла, сілком перастаўляючы свае ацяжэлыя боцікі. Гарбук.

сіло́, ‑а, н.

1. Прыстасаванне ў выглядзе петляў для лоўлі птушак і дробных жывёлін. Паслухайце толькі, да чаго дадумаўся.. [Вася]: зрабіў вялікае сіло, налавіў поўную клетку птушак. Пальчэўскі. Пайшоў бацька ў лес, паставіў сіло і злавіў зайца. Якімовіч.

2. перан. Тое, што пазбаўляе волі; пастка. Толькі ўвосень Агата зразумела, што трапіла ў сіло, пастаўленае гэтым сваім чалавекам. Сабаленка. Балот гнілых сіло нам болей пагражаць не стане. Дудар.

сіло́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сіла (у 1 знач.). // Злоўлены сілом. Сіловая дзічына.

сіло́к, ‑лка, м.

Тое, што і сіло. З сухое лапушыны Зрабіў свісток такі, Што голасам птушыным Іх [чачотак] вабіць на сілкі. Хведаровіч. Праз дзве-тры хвіліны гіпнатызёр быў упэўнены, што дзед заблытаўся ўжо ў яго сілок. Пальчэўскі.

сілу́р, ‑у, м.

Трэці перыяд палеазойскай эры геалагічнай гісторыі Зямлі.

[Ад назвы старажытнага кельцкага племя сілураў, якое насяляла паўвостраў Уэльс у Англіі.]

сілуры́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сілуру. Сілурыйскія адклады.

•••

Сілурыйскі перыяд (сілурыйская сістэма) — тое, што і сілур.

сілуэ́т, ‑а, М ‑эце, м.

1. Контурнае аднаколернае адлюстраванне каго‑, чаго‑н., выразанае ці намаляванае на аднатонным фоне. [Валодзя] хутка маляваў сілуэты сваіх таварышаў. Федасеенка. Прыкрыты сэрцы нашыя білетам з ленінскім, світальным сілуэтам. Вялюгін.

2. Ценявы адбітак на светлым фоне або наадварот; абрысы чаго‑н., якія віднеюцца ўдалечыні, у тумане, у цемры і пад. Вечарам, калі запальваецца святло, на, фіранках, як на экране, можна бачыць жаночы сілуэт. Б. Стральцоў. У стэрэатрубу добра было відаць, як на самым гарбяку кургана з’явіліся чорныя сілуэты варожых танкаў. Няхай. Недзе ёсць снягі Кіліманджара — Вострай сопкі белы сілуэт... Лойка.

3. У архітэктуры, скульптуры і пад. — характэрныя абрысы, знешнія контуры якога‑н. збудавання, будынка, прадмета. Разумеюць [многія] пад хараством горада толькі прыгажосць яго знешніх форм, яго сілуэт... Карпаў. Пры рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Гродна сур’ёзную ўвагу неабходна звярнуць на сілуэт горада. «Помнікі».

[Фр. silhouette.]

сілуэ́тнасць, ‑і, ж.

У архітэктуры, скульптуры і пад. — характэрныя контурныя абрысы (будынка, скульптуры, рысунка і пад.). Пэўны ўплыў старажытнарускага жывапісу на М. Савіцкага заўважаецца таксама ў некаторай сілуэтнасці. «Полымя».