сілуэ́т, ‑а, М ‑эце, м.

1. Контурнае аднаколернае адлюстраванне каго‑, чаго‑н., выразанае ці намаляванае на аднатонным фоне. [Валодзя] хутка маляваў сілуэты сваіх таварышаў. Федасеенка. Прыкрыты сэрцы нашыя білетам з ленінскім, світальным сілуэтам. Вялюгін.

2. Ценявы адбітак на светлым фоне або наадварот; абрысы чаго‑н., якія віднеюцца ўдалечыні, у тумане, у цемры і пад. Вечарам, калі запальваецца святло, на, фіранках, як на экране, можна бачыць жаночы сілуэт. Б. Стральцоў. У стэрэатрубу добра было відаць, як на самым гарбяку кургана з’явіліся чорныя сілуэты варожых танкаў. Няхай. Недзе ёсць снягі Кіліманджара — Вострай сопкі белы сілуэт... Лойка.

3. У архітэктуры, скульптуры і пад. — характэрныя абрысы, знешнія контуры якога‑н. збудавання, будынка, прадмета. Разумеюць [многія] пад хараством горада толькі прыгажосць яго знешніх форм, яго сілуэт... Карпаў. Пры рэканструкцыі гістарычнага цэнтра Гродна сур’ёзную ўвагу неабходна звярнуць на сілуэт горада. «Помнікі».

[Фр. silhouette.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)