дастрыга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дастрыгчы.
дастры́гчы, ‑стрыгу, ‑стрыжэш, ‑стрыжэ; ‑стрыжом, ‑стрыжаце, ‑стрыгуць; пр. дастрыг, ‑па; зак., каго-што.
Скончыць стрыгчы каго‑, што‑н.; давесці стрыжку да канца ці да якога‑н. месца. Дастрыгчы авечак. Дастрыгчы галаву.
дастры́гчыся, ‑стрыгуся, ‑стрыжэшся, ‑стрыжэцца; ‑стрыжомся, ‑стрыжацеся, ‑стрыгуцца; зак.
Скончыць стрыгчыся, абстрыгчыся да канца, поўнасцю.
дастры́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад дастрыгчы.
дасту́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Стукаючы, дабіцца адказу. Дастукацца ў хату. Дастукацца да суседзяў. □ [Штанюк] рэдка калі высоўваецца на вуліцу, і ў двор да яго не так лёгка дастукацца. Сабаленка. // Разм. Дасягнуць свайго настойлівымі намаганнямі. Мікалай Камароўскі два разы ездзіў у раён.., а нічога адразу дастукацца не мог. Чорны.
2. Разм. Адмоўнымі паводзінамі наклікаць на сябе бяду, непрыемнасці. — Эх, Андрэй, Андрэй, да чаго ж ты дажыў, да чаго ж дастукаўся: ні раздолля табе, ні жазлоў, ні пуцёвак. Стой, гібей са сваёй кукушкай-свістушкай! Лынькоў.
даступа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да даступіцца.
даступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак., да каго-чаго.
Падысці, наблізіцца, падступіцца. [Сцежка] была таксама досыць стромкая і вузкая, але з’яўлялася адзінаю дарожкаю, па якой можна было даступіцца да вады. Маўр. // (звычайна з адмоўем). Падысці, звярнуцца да каго‑н. (з просьбай, пытаннямі і пад.). Да яго не даступіцца.
дасту́пнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць даступнага. Даступнасць выкладання.
дасту́пны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, да якога можна прайсці, падысці. Глухое, даступнае толькі заядлыя рыбакам,.. [возера] сягоння стала зборышчам людзей. Арочка. // Адкрыты для зроку. Даступны для назірання.
2. Магчымы, пасільны для ўсіх, многіх. Даступныя цэны.
3. Лёгкі для разумення, даходлівы. Перадаць думку ў даступнай форме. □ Купала па-майстэрску перадае старажытны тэкст у форме, лёгка даступнай нашаму мастацкаму ўспрыманню. Палітыка.
4. Які лёгка выклікае прыхільнасць да сябе; просты, абыходлівы. Невысокі, кучаравы, у панто[ф]лях і чорнай рабочай кашулі, .. [К. Чорны] быў увесь нейкі хатні, даступны. Скрыган.
дасу́жы, ‑ая, ‑ае; дасуж, ‑а.
Здольны ўсюды паспець, да ўсяго дайсці; спрытны, дзейны. Бальшавік дасужы Гаспадарку творыць, А так дружна, удала, Што не будзе гора. Купала. // Здатны на што‑н. Ён любіць жыць сваім адумам, А сам на выдумкі дасуж. Колас.