Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

даве́ршаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад давяршыць.

даве́ршваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да давяршыць.

даве́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; заг. даверся; зак., каму-чаму.

Аказаць каму‑, чаму‑н. давер’е, паспадзявацца на каго‑, што‑н. Пеця вырашыў даверыцца камісару. Ён расказаў пра ўсё. Сіняўскі. Пакінем яснасць на чарзе, Даверымся людскому лёсу. Бачыла.

даве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; заг. давер; зак., каго-што або з інф.

Аказаўшы давер’е, даручыць каму‑, чаму‑н., перадаць пад чыю‑н. адказнасць. Даверыць таварышу машыну. □ Патрэбен быў памочнік, шчыры і пісьменны чалавек, добра пісьменны, каб яму можна было даверыць любую справу. Чарнышэвіч.

даве́сці 1, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. давёў, ‑вяла, ‑ло; заг. давядзі; зак., каго-што.

1. Прывесці, даставіць куды‑н., да якога‑н. месца. Пятро давёў хлапчука да дзвярэй, а сам застаўся на ганку паслухаць. Пальчэўскі.

2. Пракласці, правесці да якога‑н. месца. Давесці шашу да калгаса. □ Каб давесці пракладку канала да ракі, патрэбен быў экскаватар. Краўчанка. // Робячы што‑н., дасягнуць якой‑н. мяжы, мэты. Давесці справу да канца. □ [Антон] давёў сцены да вокан. Чорны. Петрык хоча давесці сваю гаспадарку да 50 галоў, але ён вельмі заклапочаны: трусы ў яго не выдатнай пароды і няма прыстасаваных клетак. Шынклер.

3. Прывесці ў які‑н. стан. Давесці да слёз. Давесці да непрытомнасці. □ Усе гэтыя перажыванні давялі мяне да ліхаманкавага стану. Шамякін.

4. Абавязаць да выканання (якога‑н. плана, задання і пад.). Давесці план па нарыхтоўцы грыбоў.

5. Падагнаць, прыладзіць так, каб падыходзіла да чаго‑н. па форме, памерах. Давесці аконную раму.

•••

Давесці да ведама — паведаміць, перадаць, расказаць.

Давесці (прывесці) да ладу — прывесці што‑н. у парадак, закончыць паспяхова якую‑н. справу.

Давесці да ручкі — тое, што і дабіць да ручкі (гл. дабіць).

Давесці да торбы — прывесці да беднасці, жабрацтва; разарыць.

Не давядзе (не давядуць) да дабра хто-што — дрэнна кончыцца.

Не давядзі бог — вельмі дрэнна.

даве́сці 2, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. давёў, ‑вяла, ‑ло; заг. давядзі; зак., што.

Даказаць, пацвердзіць правільнасць чаго‑н. фактамі, довадамі. Трэба будзе, зазначае сабе настаўнік, пагаварыць з сялянамі на сходзе, давесці ім, што і жанчыне навука патрэбна, яшчэ, можа, больш, чым мужчыну. Колас. — Я стары сацыял-дэмакрат! — крычаў Цыліч, жадаючы гэтым нешта давесці. Шамякін.

даве́сціся, ‑вядзецца; пр. давялося; безас. зак., каму-чаму з інф.

Стаць непазбежным, здарыцца ў сувязі з якімі‑н. абставінамі. Адлегласць доўгую да перамогі Гадамі давялося вымяраць. Аўрамчык. Быў такі выпадак, калі Сцёпку прыйшлося на справе паказаць, які ён ужо быў вучоны чалавек: сакратаром давялося раз быць яму. Колас.

даве́шаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Закончыць вешаць, развешваць што‑н.

даве́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да давешаць.

даве́яць, ‑вею, ‑вееш, ‑вее; зак., што.

Закончыць веянне чаго‑н. Давеяць пшаніцу.

давіва́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да давіваць.