вы́песціць, ‑пешчу, ‑песціш, ‑песціць; зак., каго-што.
1. Тое, што і выпеставаць. Выпесціць дзіця. □ А ён жа гэтага Сітніка і вывучыў, і выпесціў. Дуброўскі. // Доглядам дасягнуць найлепшага выгляду. Выпесціць рукі.
2. перан. Вынасіць у сабе (думку, ідэю, пачуццё і пад.). Выпесціць мару.
вы́петляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
Выйсці адкуль‑н. не прамой дарогай, а пятляючы.
вы́петраны, ‑ая, ‑ае.
Высахлы, перасохлы, выветраны; худы. Старую, выпетраную на сонцы шапку з аблупленым.. брылём.. я з ахвотаю перадаў малодшаму брату Юзіку. Якімовіч. Бабка Анісся, наадварот, была мажная, грузная і панурая — поўная процілегласць свайму сухому, выпетранаму дзеду. Васілевіч.
вы́петраць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Высахшы, страціць свае якасці, колер і пад.; выветрыцца, засохнуць; схуднець. Пад гарачым, сонцам і ветрам выпетрала трава. □ — А худы які! — здзівіўся Іван, гледзячы на Міколу. — Чаго так выпетраў? Вобла, а не чалавек. Новікаў.
вы́печаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выпечы.
вы́печка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. выпякаць — выпечы (у 1, 2 знач.).
2. Якасць выпечанага, спечанага. [Гаспадар:] — Глядзіце ў мяне — старайцеся! Выпечка павінна быць добрая... Бядуля.
3. Тое, што выпечана, спечана пякарняй, заводам за пэўны час; выпечаная прадукцыя. Дзённая выпечка.
вы́печы, ‑пеку, ‑печаш, ‑печа; ‑печам, ‑печаце, ‑пекуць; пр. выпек, ‑пекла; заг. выпечы; зак., што.
1. Прыгатаваць пячэннем, спячы. Пякарня выпекла тону хлеба.
2. Добра прапячы.
3. Расходаваць цеста ў працэсе пячэння. Выпечы ўвесь замес.
4. Знішчыць агнём, жарам, кіслатою. Выпечы бародаўку.
5. Выпаліць знак, кляймо на чым‑н.
вы́печыся, ‑пекуся, ‑печашся, ‑печацца; ‑печамся, ‑печацеся, ‑пекуцца; пр. выпекся, ‑пеклася; заг. выпечыся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць гатовым, выпечаным.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Добра прапячыся.
3. Пабыць доўгі час пад моцным цеплавым уздзеяннем. Выпечыся пад паўднёвым сонцам.
вы́пешчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад выпесціць.
2. у знач. прым. Які сведчыць аб старанным доглядзе. Выпешчаная рука. □ Чарнабровы, выпешчаны твар з падпухлымі мяшочкамі пад вачыма спахмурнеў, пакутліва зморшчыўся. Мележ.
выпе́шчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да выпесціць.