да́ўні, ‑яя, ‑яе.
1. Які быў, існаваў, адбыўся даўно, задоўга да цяперашняга часу; старадаўні. Даўнія часы. Даўнія парадкі. □ Пра даўні паход Ермака Хлапцы заспявалі ў вагоне. Аўрамчык. // Які існуе даўно, з даўняй пары. Даўні звычай. □ Дацэнт і Валіна маці, як пасля дазнаўся Міхась, былі даўнія знаёмыя. Шахавец. Ужо некалькі гадоў .. [стары] не выходзіў з дому, прыкуты да месца даўняй хваробай. Самуйлёнак.
2. у знач. наз. да́ўняе, ‑яга, н. Час, падзеі, якія папярэднічалі сучаснаму; мінулае. Успомнілася ўсё даўняе, мінулае.
даўніна́, ‑ы, ж.
Разм. Былыя, даўно мінулыя часы; старадаўнасць. Ян разгаварыўся, пачаў успамінаць даўніну і, здаецца, на гэты час забыў сваё гора. Чарнышэвіч. Гэты голас з даўніны глыбокай песні інкаў да мяне прынёс. А. Вольскі.
да́ўнішні, ‑яя, ‑яе.
Тое, што і даўні (у 1 знач.). Даўнішнія сябры. □ Косця адчуваў, як недзе на душы пачынае ажываць даўнішняя нялюбасць, злосць і непавага да Жвіра. Адамчык.
даўно́, прысл.
1. Раней, задоўга да цяперашняга часу. Растрэслі адзенне лясы, Даўно адцвілі верасы І травы павялі. Колас. Толя, які даўно прывык да бацькоўскіх загадаў старога, больш не супраціўляўся. Брыль.
2. На працягу доўгага часу, здаўна і да цяперашняга моманту. Не любяць панскай яны ўлады, Даўно чакаюць нейкіх змен. Колас. Ужо даўно працякаў дах, прагнілі некаторыя дошкі ў вагоне. Лынькоў.
даўноміну́лы, ‑ая, ‑ае.
Які існаваў, адбыўся ў далёкім мінулым. Даўномінулыя падзеі.
•••
Даўномінулы час гл. час.
даўны́м-даўно́, прысл.
Разм. Вельмі даўно. Даўным-даўно, яшчэ пры панах, на беразе Зялёнага возера стаяў прыгожы маёнтак. Ваданосаў. Некалі, даўным-даўно, жыў у адной вёсцы працавіты селянін Саўка. С. Александровіч.
даўню́тка, прысл.
Разм. Даволі даўно. — Даўнютка мы з табою не хадзілі вось так, удвух, — сказаў .. [Кашын], як ішлі з прахадной. Карпаў.
дафарбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.
Скончыць фарбаванне, афарбоўку чаго‑н.; афарбаваць да якога‑н. месца. Дафарбаваць падлогу. Дафарбаваць столь да сярэдзіны.
дафарбо́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да дафарбоўваць.
дафарбо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дафарбаваць.