Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сіню́шны, ‑ая, ‑ае.

Сіняваты, сіні ў выніку расстройства кровазвароту (пра скуру, губы). Сінюшнае адценне скуры твару.

сіня... (гл. сіне...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «сіне...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: сіняблузнік, сінявокі, сінякрылы і інш.

сіняблу́знік, ‑а, м.

Уст. Чалавек, які носіць сінюю блузу; рабочы. У гэты момант з аднаго пакоя куляй вылецеў нейкі сіняблузнік і ледзь не збіў з ног Прыстрома. Шынклер.

сінява́, ‑ы, ж.

Сіні колер чаго‑н. Новы дзень вядзе мяне праз вецер, Праз ільноў густую сіняву. Бялевіч. Возера, растварыўшы ў сабе фарбы зары, успыхвае сінявой. Хомчанка. Няспынна хвалі ўдаль плывуць, Адбіўшы неба сіняву. Танк. // Сіняватае адценне чаго‑н. Матавая сінява варанёнай сталі. □ У Меера адна шчака была паголена да сінявы, а другая густа парасла чорным каракулем. Карпюк. // Сіняя прастора, сіняя паверхня (пра мора. неба, паветра). Як мары, белыя бярозы Пад сінявой начной стаяць. Багдановіч. Мы крочым з вёскі росным лугам Да бугскай воднай сінявы. Арочка. Чырвоныя ствалы соснаў высока-высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба. Лынькоў. // Сіні туман, смуга. Далёкі лес ахутаны туманнай сінявой, а наперадзе густой зялёнай сцяной стаіць хвойнік. Галавач.

сіня́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць сінявага; сінявы колер чаго‑н. Бледны твар.. [Веры] нібы асунуўся, схуднеў, пад вачыма праступіла сінявасць. Карпаў. Вецер расчысціў ад хмар неба, і цёмная сінявасць яго згушчаецца ў вяч[эрні] змрок. Чорны.

сінява́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сіняватага; сіняваты колер чаго‑н. Сіняватасць твару. □ Ахвота выпіць празрысты да сіняватасці спірт змагалася ў ім [кавалю] з грэблівасцю. Савіцкі.

сінява́ты, ‑ая, ‑ае.

З сінім адценнем, па колеру блізкі да сіняга. Сіняватыя вочы. □ Сіняватая, быццам свінцовая, вада б’е ў берагі, хвалі як бы гамоняць адна з адной. Сабаленка. Дробныя акенцы былі залеплены звонку сіняватым снегам. Бядуля. Віця бачыў худыя грудзі хлапчука, сіняватую скуру, з-пад якой выпіралі рэбры. Нядзведскі. Сыманчук.. стаіць, прыціснуўшыся плячыма да сіняватай сцяны хутарскога хлява. Чорны.

сіняво́кі, ‑ая, ‑ае.

З сінімі вачыма. У.. [Васіля] ўжо двое дзяцей, такіх жа сінявокіх і рухавых, як сам. Лынькоў. / у паэт. ужыв. Разросся чабор сінявокі Па схілах пустога пагорка. Колас. Ой, пабачыў бы ты дзівы На стэпу шырокім! Новай песняй прывітаў бы Дняпро сінявокі. Купала. / у знач. наз. сіняво́кі, ‑ага, м.; сіняво́кая, ‑ай, ж. Ці пачуе сінявокая, Што хаджу непадалёку я, Што хаджу непадалёку я, Ці падасць сустрэчы знак? А. Вольскі.

сіня́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і сіняваты. Пад стрэхамі вісяць ледзякі. У цяні яны сінявыя, на сонцы — празрыста-ружовыя. Бядуля. Сінявае неба над галавой стала падобна на вялікае возера. Савіцкі.

сіня́к, ‑а, м.

1. Пасінелае месца на целе, твары як след ад удару і пад. Саўка, змяты і збіты, у сіняках і з наручнікамі, ступіў крокі два да стала і спыніўся. Колас. Усё цела хлопчыка было ў сіняках, правая рука распухла і не згіналася. Сіняўскі.

2. Меданосная ядавітая расліна сямейства бурачнікавых.