сінява, ‑ы, ж.
Сіні колер чаго‑н. Новы дзень вядзе мяне праз вецер, Праз ільноў густую сіняву. Бялевіч. Возера, растварыўшы ў сабе фарбы зары, успыхвае сінявой. Хомчанка. Няспынна хвалі ўдаль плывуць, Адбіўшы неба сіняву. Танк. // Сіняватае адценне чаго‑н. Матавая сінява варанёнай сталі. ▪ У Меера адна шчака была паголена да сінявы, а другая густа парасла чорным каракулем. Карпюк. // Сіняя прастора, сіняя паверхня (пра мора. неба, паветра). Як мары, белыя бярозы Пад сінявой начной стаяць. Багдановіч. Мы крочым з вёскі росным лугам Да бугскай воднай сінявы. Арочка. Чырвоныя ствалы соснаў высока-высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба. Лынькоў. // Сіні туман, смуга. Далёкі лес ахутаны туманнай сінявой, а наперадзе густой зялёнай сцяной стаіць хвойнік. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)