Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дактылагра́фія, ‑і, ж.

Тэхніка работы на друкарскай машынцы.

дактылало́гія, ‑і, ж.

Спосаб размовы глуханямых пры дапамозе пальцаў рук; ручная азбука.

[Ад грэч. daktylos — палец і logos — вучэнне.]

дактыласкапі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дактыласкапіі. Дактыласкапічнае даследаванне.

дактыласкапі́я, ‑і, ж.

Вывучэнне рысунка скуры на пальцах рук чалавека; зняцце адбіткаў з пальцаў рук для ўстанаўлення асобы злачынца.

[Ад грэч. daktylos — палец і skopeō — гляджу.]

дактылі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дактыля. Дактылічная страфа. Дактылічная рыфма.

да́ктыль, ‑я, м.

Трохскладовая стапа з націскам на першым складзе ў сілаба-танічным вершаскладанні, напрыклад: Во́бразы / мі́лыя / ро́днага/ кра́ю, / Сму́так і/ ра́дасць ма/я́! Колас.

[Грэч. daktylos.]

даку́ка, ‑і, ДМ ‑куцы, ж.

Разм.

1. Турбота, клопат. Спіць дзіця, не ведае дакукі. □ — То перш трэба навучыцца, паважаная дзяўчына. Бо мне трэба такія, каб ужо працавалі. А то што ж — замест помачы я буду мець дакуку: абучаць вас. Скрыган.

2. Нуда, маркота. Працаваць адной — дакука, Кліча бабка ўнучку, унука — І палоць, і паліваць, Прарываць і аграбаць. Шушкевіч. Не пісьмы з нейкае дакукі Начамі піша чалавек. Ідзе па лесвіцы навукі, Не адстае: імклівы век. Бялевіч.

3. Зайздрасць, злосць, выкліканыя чым‑н. Другім добрым пластуном аказаўся камандзір падрыўной групы Гнядкоў і трэцім, на здзіўленне і дакуку маладзейшым, — стары Маеўскі. Шамякін.

даку́ль, прысл.

Разм.

1. пытальнае. Да якога месца?, да якога часу?, як доўга? Дакуль вы дайшлі? □ — Дакуль жа, нарэшце, мы будзем прайграваць, скажыце? Гартны.

2. адноснае: а) (далучае даданы сказ месца). Да таго месца, куды... Наперадзе, дакуль вокам кінуць, зелянеюць усходы; б) (далучае даданы сказ часу). Да таго часу, пакуль... — Сход павінен сёння спытаць у Статкевіча, дакуль ён думае парушаць воінскую дысцыпліну. Алешка.

дакульга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Кульгаючы, дайсці да якога‑н. месца. Дакульгаць да лавы.

дакуме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Дзелавая папера, якая служыць доказам чаго‑н. ці пацвярджае права на што‑н. Апраўдальны дакумент. Прыходныя і расходныя дакументы.

2. Пісьмовае пасведчанне, якое пацвярджае асобу прад’яўніка. У вагоне загаманілі, пасажыры стоўпіліся ў калідоры — ля выхаду з вагона два вайсковыя правяралі дакументы. Хадкевіч. Васіль зайшоў у будку, падаў вартаўніку свой дакумент. Кулакоўскі.

3. Пісьмовы акт, грамата, здымак і пад., якія маюць значэнне гістарычнага паказання, сведчаць аб чым‑н. Архіўныя дакументы. Дакумент гістарычнай важнасці. □ У штабе атрада мне паказалі адзін з шматлікіх дакументаў мужнасці. Два лісточкі паперы, на якіх .. Гаварылася аб змаганні і смерці васемнаццаці герояў пагранічча. Брыль.

[Ад лац. documentum — доказ.]