Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́мураваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Пабудаваць, выкласці што‑н. з цэглы, каменю і пад. Вымураваць дом, сцяну, склеп.

вы́мурзаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад вымурзаць.

вы́мурзацца, ‑мурзаюся, ‑мурзаешся, ‑мурзаецца; зак.

Разм. Вымазацца, запэцкацца ў што‑н. (звычайна пра твар). Цяпер з яго нельга і вока спусціць: то ён [Вадзімка] не туды затэпае, то ў якую гразь ўлезе і гэтак вымурзаецца, што страх глядзець і трэба грэць на сонцы ваду і мыць. Сабаленка. Усе агрэхі трэба выправіць растворам. А калі кельмы ў руках трымаць не ўмееш? І вымурзаешся ўвесь, і настрой сапсуеш сабе і людзям, і заробіш курам на соль. Мыслівец.

вы́мурзаць, ‑мурзаю, ‑мурзаеш, ‑мурзае; зак., каго-што.

Разм. Вымазаць, запэцкаць (звычайна твар). Дзядзька Яўмен як утарапіўся ў свае вымурзаныя ў сівую гліну і чвір боты — вымурзаў ён іх, вядома, там, у той яме, куды мы сабралі абгарэлыя людскія чарапы і косці, — так і сядзеў, застыўшы, нават не варушыўся. Сачанка.

вымуро́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да вымуроўваць.

вымуро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да вымураваць.

вы́мусіць, ‑мушу, ‑мусіш, ‑мусіць; зак., каго і з інф.

Прымусіць зрабіць, выканаць што‑н. [Гарасім:] — Цара вымусілі адрачыся ад прастола рабочыя і салдаты. Якімовіч.

вы́мучаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад вымучыць.

2. у знач. прым. Атрыманы ў выніку цяжкіх намаганняў. Вымучаная згода.

3. у знач. прым. Разм. Знясілены, змучаны. Хвіліна спатрэбілася на тое, каб вывесці з аглабель вымучанага каня і ўвагнаць у хлеў. Чорны.

выму́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. вымучваць — вымучыць.

выму́чвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да вымучваць.