Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

даўзбро́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да даўзброіцца.

2. Зал. да даўзбройваць.

даўзбро́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да даўзброіць.

даўкамплектава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Дадаткова ўкамплектаваць. Полк можна даўкамплектаваць лётчыкамі з другіх палкоў дывізіі. Алешка.

да́ўкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць даўкага.

да́ўкі, ‑ая, ‑ае.

Які перасядае ў горле, выклікае аскому. Даўкі яблык. // Горкі, едкі (пра дым, пах і пад.). Запахла даўнім прагорклым дымам, нібы гарэла дзе старая зляжалая салома. Лынькоў. У горадзе яшчэ стаяў пах гару, цяжкі і даўкі. Арабей. // перан. Выкліканы горам, крыўдай і пад.; гнятлівы, цяжкі. Так захацелася дамоў, аж нешта даўкае заказытала ў горле. Грахоўскі. Даўкі камяк стаяў у горле, ныла сэрца, хацелася заплакаць ад роспачы і бяссілля. С. Александровіч.

даўме́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

Разм. Зразумець, дадумацца. Вядома, каб дзядзька Адам больш уважліва прыглядаўся да Мялешкавых вачэй, ён бы заўважыў у іх смяшынку і можа б даўмеўся, што той казаў няпраўду. Сабаленка.

даўнава́та, прысл.

Разм. Даволі даўно. А жыла асоба гэта Не сягоння, — даўнавата, Калі шмат было паэтаў, А паэзіі не надта. Крапіва. Тут Зося не была даўнавата, і таму нават знаёмы шэра-блакітны гмах здаўся ёй па-новаму прыгожым — асабліва стройным і дарагім. Карпаў.

да́ўнасць, ‑і, ж.

1. Аддаленасць у мінулае да моманту ўзнікнення, завяршэння чаго‑н. Падзеі немалой даўнасці. □ Копаць на сценах была стогадовай даўнасці. Гамолка. // Разм. Даўнія часы, старадаўнасць. У даўнасці тут лясы былі непраходныя, а на гэтым месцы, дзе коні пасуцца, — балота гнілое і называлася яно Камарыным. Лупсякоў.

2. Працягласць існавання чаго‑н. Гісторыя нашай дзіцячай літаратуры мае ўсяго толькі паўвекавую даўнасць. Пшыркоў.

3. Пэўны тэрмін, на працягу якога могуць быць заяўлены якія‑н. патрабаванні або па сканчэнні якога траціцца ці набываецца якое‑н. права. Суд не ўзяўся за справы, спасылаючыся на хісткія доказы і на даўнасць часу некаторых фактаў. Лынькоў.

даўне́й, прысл.

Некалі, у далёкім мінулым. Даўней на рукі было шмат мукі. З нар.

даўне́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. даўні.

2. Які меў месца, адбыўся некалі, даўней, задоўга да цяперашняга моманту; мінулы. Усё пажоўкла, усё пачарнела, і нібы ад таго вогнішча, нясе нейкім пахам даўнейшага дыму і чаду. Чарот. Усе даўнейшыя сваркі забыліся. Скрыган. // Які існуе здаўна, з даўняй пары. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай, .. але ў вачах захавалася тая ж глыбокая, даўнейшая туга. Нікановіч.

3. у знач. наз. даўне́йшае, ‑ага, н. Час, падзеі, якія папярэднічалі сучаснаму; мінулае. Я часта ўспамінаў цябе, даўнейшае, і як гулялі разам. Мурашка.