Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

даўгата́, ‑ы, ДМ ‑гаце, ж.

Адна з геаграфічных каардынат — вугал паміж плоскасцямі пачатковага мерыдыяна і мерыдыяна данага пункта.

даўгатва́ры, ‑ая, ‑ае.

З доўгім, прадаўгаватым тварам. Крывец, даўгатвары, з як бы ўціснутымі шчокамі, пыхнуўшы папяросаю.., паспачуваў: — Пэўна, адстаў [Грэчка] дзе-небудзь і заблудзіўся. Мележ.

даўгахва́левы, ‑ая, ‑ае.

З вялікай даўжынёй хвалі. Даўгахвалевае выпрамяненне. // Які працуе на доўгіх хвалях, прымае доўгія хвалі. Даўгахвалевая радыёстанцыя. Даўгахвалевы прыёмнік.

даўгахво́сты, ‑ая, ‑ае.

З доўгім хвастом. Даўгахвостая вавёрка, відаць, нечым напалоханая, рыжай маланкай узлятае ўгору па карабатай кары дуба. Паслядовіч.

даўгашы́і, ‑яя, ‑яе.

З доўгай шыяй. Даўгашыі гусак.

даўгашэ́рсны, ‑ая, ‑ае.

З доўгай шэрсцю. Даўгашэрсная парода авечак.

даўгі́,

гл. доўгі.

даўго́тны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да даўгаты. Часціцы ляцяць уздоўж мерыдыяна, дрэйфуюць у даўготным напрамку. «Звязда».

даўгуне́ц, ‑нца, м.

Сорт ільну з доўгім негалінастым сцяблом.

даўжні́к, ‑а, м.

Той, хто ўзяў у доўг, пазычыў. Адны плацілі акуратна, другія цягнулі бог ведае колькі, і мы не маглі пазбавіцца ад даўжнікоў ці, як у нас кажуць, дэбітораў. Скрыган. // перан. Той, хто абавязак каму‑н. за што‑н. Узнагароджаны чалавек — вечны даўжнік дзяржавы. Алешка.