выпада́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. выдадаць — выпасці (у 3 знач.).
выпада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да выпасці.
•••
Не выпадае — а) няма магчымасці. Узяцца адразу за будоўлю ўсё ніяк не выпадала: і з лесам было цяжка, і на грошы лішнія ніяк не маглі ўзбіцца, ды і з дзецьмі яшчэ хапала клопату. Васілевіч; б) няма зручнага моманту, не з рукі. Сустрэчныя, як на тое, трапляліся пажылыя або ішлі купкамі, і чапаць іх не выпадала. Карпаў; в) нельга, непрыстойна. Дома глядзелі на семінарыста .. як на госця і паніча. Яму нібы ўжо і не выпадае займацца гаспадарчымі справамі. С. Александровіч.
выпадзе́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. выпасці (у 3 знач.).
2. Знікненне, страта. Выпадзенне валасоў. Выпадзенне зычных.
выпа́дкам, прысл.
1. Тое, што і выпадкова (у 1 знач.). Сустрэцца выпадкам. Трапіцца выпадкам.
2. у знач. пабочн. Дарэчы, між іншым. Ты, выпадкам, не з гасцей ідзеш?
выпадко́ва,
1. Прысл. да выпадковы.
2. у знач. пабочн. Тое, што і выпадкам (у 2 знач.).
выпадко́васць, ‑і, ж.
1. Асаблівасць выпадковага.
2. Нечаканая, непрадбачаная з’ява. Па шчаслівай выпадковасці.
3. Акалічнасць, якая не абумоўлена непасрэднай прычынай. Людзі самі робяць сваю гісторыю, але да гэтага часу яны рабілі яе, не кіруючыся агульнай воляй па адзінаму агульнаму плану, нават у рамках пэўнага, абмежаванага, данага грамадства. Іх імкненні перакрыжоўваюцца, і ва ўсіх такіх грамадствах пануе з гэтай прычыны неабходнасць, дапаўненнем і формай праяўлення якой з’яўляецца выпадковасць. Энгельс.
выпадко́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’явіўся, узнік выпадкова, нечакана; непрадугледжаны. Выпадковы спадарожнік. Выпадковы госць.
2. Які адбываецца ад выпадку да выпадку, не заўсёды. Выпадковыя наведванні. Выпадковыя заработкі.
3. Не агавораны пэўнымі правіламі, патрабаваннямі. Выпадковы рэпертуар. Выпадковыя назіранні. // Пра чалавека, які займае якое‑н. месца беспадстаўна.
4. Не абумоўлены непасрэднай прычынай. Выпадковы поспех.
5. Учынены без намеру. [Ягупла].. сказаў у прысутнасці прафесара лішняе і хацеў цяпер, каб словы ягоныя прафесар прыняў як выпадковыя. Галавач.
вы́паены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выпаіць.
вы́пазаваць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што.
Разм. Выстругаць паз.
вы́паіць, ‑паю, ‑паіш, ‑паіць; зак., каго.
Кормячы малаком, пойлам, узгадаваць. Выпаіць цяля.