Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вынясе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. выносіць — вынесці (у 6, 7 знач.).

вы́нятак, ‑тка, м.

Выключэнне. За.. рэдкім выняткам.. гукапіснае майстэрства ў «Безназоўным» не паддаецца праверцы. Бярозкін.

вы́нятка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Невялікі ўрывак, выпіска з якога‑н. тэксту. Вынятка з кнігі, з граматы, з пратакола.

2. Выкінутая, прапушчаная частка тэксту; купюра. Выняткі цэнзуры.

вы́няты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выняць.

вы́няцца, вымецца; зак.

Дастацца, выцягнуцца адкуль‑н. Куст выняўся разам з роўным квадратам зямлі. Курто.

вы́няць, выму, вымеш, выме; зак., што.

1. Дастаць адкуль‑н., з чаго‑н. Выняць газеты з паштовай скрынкі. □ Маладзіца выняла з печы чыгунок і паставіла на стол. Мележ. [Пячнік] спрытна пастукаў малатком па сценцы.., выняў адну цагліну, другую і пашоргаў у дымаходзе тоўстым дротам. Даніленка. // Выставіць што‑н. устаўленае. Выняць дубэльты з вокнаў. // Выцягнуць, выслабаніць што‑н. Выняць нагу са стрэмя.

2. Спец. Вычарпаць (зямлю, грунт) каўшом. Выняць грунт з катлавана.

•••

Выняць душу — а) давесці да смерці; б) маральна замучыць, знясіліць.

вы́пагадзіцца, ‑дзіцца; безас. зак.

Аб надыходзе яснага сонечнага надвор’я. Выпагадзілася толькі пад вечар.

выпаго́джвацца, ‑аецца.

Незак. да выпагадзіцца.

вы́пад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Спец. Рэзкі рух уперад з апорай на выстаўленую нагу. Фехтавальшчык зрабіў імгненны выпад.

2. Варожае выступленне, нядобразычлівая выхадка. Злосны выпад.

вы́падак, ‑дку, м.

1. Тое, што здарылася, здарэнне; факт, з’ява. Выпадак з жыцця. □ З гэтым лесам было звязана ў мяне многа апавяданняў аб страхах і розных выпадках. Колас.

2. Пэўныя абставіны, стан рэчаў. [Ліда] ведала: у такіх выпадках самае галоўнае адбываецца ў першы момант. Пальчэўскі.

3. Зручны момант. Выпадак падвярнуўся сам і вельмі хутка. Васілевіч.

4. толькі адз. Тое, што не абумоўлена прычыннай залежнасцю; выпадковасць. Словам, тым самым шляхам выпадку, праз дзесяткі салдацкіх рук і торбаў, прыйшла да нас і Коласава паэма. Брыль.

•••

Ва ўсякім выпадку — пры любых абставінах.

З выпадку чаго — з прычыны якіх‑н. падзей, абставін.

На першы выпадак — для пачатку, для першага разу.

На ўсякі выпадак — на выпадак, калі спатрэбіцца.

Ні ў якім выпадку — ніколі, ні пры якіх умовах, ні за што.

У крайнім выпадку — калі не будзе іншага выхаду.

У лепшым выпадку — пры самых спрыяльных абставінах.

У тым выпадку, калі... — калі здарыцца так, што...