даўга... (гл. доўга...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «доўга...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: даўганогі, даўганосы.
даўгава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Некалькі даўжэйшы за звычайны. Пакой, дзе жыў Алесь, быў такі ж, як і ў хлопцаў, — звычайны пакой інтэрната: з адным акном, вузкі і даўгаваты. Шыцік. // Прадаўгаваты. Твар быў даўгаваты, лоб шырокі і не маршчыністы, вочы шчырыя і праўдзівыя. Чарнышэвіч.
даўгаве́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць даўгавечнага.
даўгаве́чны, ‑ая, ‑ае.
Здольны жыць, існаваць доўгі час, многа гадоў. Смольная хвоя — вельмі моцнае і даўгавечнае дрэва. Чорны. Лявон перабраў у памяці род дзядзькоў, гэта значыць бацькавых братоў. Даўгавечны род. Гадоў па восемдзесят пяць, па дзевяноста, а ўсе жывуць. Ермаловіч. // Разлічаны на доўгі час; трывалы. Змайстраваў сабе бусел даўгавечнае гняздо. Колас. Беларускія аўтамашыны.. будуць самымі надзейнымі і даўгавечнымі. «Звязда».
даўгаву́сы, ‑ая, ‑ае.
З доўгімі вусамі. Ля ракі, за квяцістаю пожняй, Даўгавусы ячмень прытуліўся. Журба. За дзяжурным столікам дз[ю]баў носам той самы гладкі з твару і даўгавусы, як кот, вахцёр. Адамчык.
даўгаву́хі, ‑ая, ‑ае.
З доўгімі вушамі. Даўгавухі заяц.
даўгавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да доўгу (у 2, 3 знач.). Даўгавая залежнасць. Даўгавое абавязацельства.
даўгавя́зы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Вельмі высокі і худы; цыбаты. Аднекуль з’явіўся даўгавязы крыклівы старшыня і загадаў скласці рэчы на фурманкі. Каваль.
даўгагры́вы, ‑ая, ‑ае.
З доўгай грывай. Даўгагрывы конь.