датыкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Абл. Даткнуцца. Каўнер датыкнуўся вушэй і шчок і непрыемна казыча твар. Галавач.
даты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае дачыненне да чаго‑н. [Вучоны] звяртае ўвагу краязнаўцаў на тое, ці няма ў мясцовай гаворцы выразаў, датычных разьбы. Ліс.
2. у знач. наз. даты́чная, ‑ай, ж. У геаметрыі — прамая лінія, якая мае адзін агульны пункт з крывой, але не перасякае яе. Правесці датычную да акружнасці.
даты́чыцца, ‑чыцца; незак., каго-чаго.
Мець адносіны, дачыненне да каго‑, чаго‑н. Справа датычылася дысертацыі, якую ўчора паказваў Толю Максім. Брыль. [Сусед] распытаў Антося, што робіцца на свеце, але найбольш, цікавіўся законамі, якія датычацца сялян. Чарнышэвіч.
•••
Што датычыцца каго-чаго, то... — калі гаварыць аб кім‑, чым‑н., то... Што датычыцца Задруцкага, то ён на адкрыцці першай чаргі [электрастанцыі] не прысутнічаў. Дадзіёмаў.
даты́чыць, ‑чыць; незак., каго-чаго.
Разм. Тое, што і датычыцца. Калі дзяўчаты хваляць Антона, Надзя робіць выгляд, быццам гэта яе не датычыць. Грамовіч. Справа датычыла пункта аб самавызначэнні народаў. Пестрак.
датэрміно́вы, ‑ая, ‑ае.
Які выконваецца, заканчваецца раней устаноўленага тэрміну. Інструментальны цэх змагаецца за датэрміновае выкананне гадавога плана. Кулакоўскі.
даўбе́нне, ‑я, н.
Апрацоўка матэрыялаў (драўніны, металаў) зняццем стружкі пры дапамозе долата, разца.
даўбе́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Цяжкае палена з вычасаным дзяржаннем для забівання, расколвання чаго‑н. і пад.; невялікая доўбня. Даўбешка, што калоў Саўка Чужахвал дома дровы, была пашчапаная. Чорны. Найбольш дужыя хлопцы драўлянымі даўбешкамі забівалі палі. Рунец.
2. Лаянк. Пра тупога, някемлівага чалавека. Даўбешка часам пост займае І марыць, што яна — свяціла, карыфей! Валасевіч.
даўбёжны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для даўбення. Даўбёжны станок.
даўбёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Пасудзіна, лодка і пад., зробленая з суцэльнага куска драўніны. Пераехаць раку на даўбёнцы.