даста́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад даставіць.
дастаўля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да дастаўляць.
дастаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да даставіць.
даста́ўшчык, ‑а, м.
Работнік, які займаецца дастаўкай чаго‑н.
даста́цца, ‑стануся, ‑станешся, ‑станецца; зак., каму.
1. Зрабіцца чыёй‑н. уласнасцю, перайсці ў чыё‑н. распараджэнне. Самі ж яны, хлопцы, дапамаглі выганяць жывёлу, якую пагналі на ўсход, каб не дасталося часам дабро ворагу. Лынькоў. [Ганне] дасталася ў спадчыну ад бацькоў хатка. Дубоўка. // Прыйсціся пры размеркаванні, дзяльбе і пад. Але як гэты надзел дастаўся .. [Раману] па жэрабю, то і не было на каго наракаць. Колас. Дасталіся Захару Іванавічу найбольш запушчаныя ўчасткі зямлі, горшае цягло, горшы інвентар. Кулакоўскі. // Дацца, набыцца пэўным чынам. Набытак дастаўся цяжкай працай. □ Нам свабода дасталася дорага, Адной рукой мы край свой будавалі, Другою ж — адбіваліся ад ворага. Свірка.
2. безас. Перанесці цяжкія выпрабаванні, нацярпецца. Многа разоў гарэла Устронь: і татарын яе паліў, і швед, і француз... Дасталося Устроні і ў вайну з белапалякамі. Лобан. Міколка з бацькам набраліся .. перапуду, але больш за ўсё дасталося дзеду. Лынькоў. // Атрымаць спагнанне, пакаранне, вымову і пад. Дасталося Райскаму і Лабановічу: чаму яны не парвалі пратакол, калі на яго налятаў ураднік? Колас.
•••
Дасталося на арэхі каму — атрымаў наганяй, вымову.
даста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак.
1. што. Узяць што‑н. такое, што знаходзіцца на некаторай адлегласці. Калі Ігнась дастаў з палічкі жоўценькі сшытак, Люба запыталася: — Мабыць, малюнкі? Мурашка.
2. да чаго, чаго. Дацягнуцца, дакрануцца да чаго‑н. аддаленага. Дастаць рукой да бэлькі. □ Цені ад яблынь дасталі да хаты і павольна папаўзлі па сцяне ўверх. Шамякін. Стаіць дуб, аднагодак мой, І мне ўжо не дастаць рукой Пад воблакам яго вяршыні. Танк.
3. што. Выняць, выцягнуць што‑н. адкуль‑н., з чаго‑н.; здабыць. Дастаць сшытак з партфеля. □ Рыгор дастаў з кішэні капейку і падаў яе хлапчуку. Гартны. Слава першым буравым майстрам, якія дасталі з цёмных глыбінь першыя грамы калійнай солі! Паслядовіч.
4. што і чаго. Раздабыць, набыць, расстарацца. Дастаць важныя звесткі. □ Саша кожны дзень прасіла брата схадзіць да чырвонаармейцаў і дастаць газету. Шамякін. // Разм. Атрымаць, нажыць. Дастаць хваробы.
•••
Дастаць (выкапаць) з-пад зямлі — абавязкова раздабыць, адшукаць што‑н., дзе б яно ні было.
Зімой лёду (снегу) не дастаць у каго — пра дужа скупога чалавека.
Крукам (шастом) галавы (носа) не дастаць каму — пра вельмі ганарыстага чалавека.
Рукой дастаць — вельмі блізка.
даста́ча, ‑ы, ж.
Заможнасць, матэрыяльная забяспечанасць; дастатак. Жыць у дастачы.
дастая́цца, ‑стаюся, ‑стаішся, ‑стаіцца; зак.
Разм.
1. Стоячы ў чаканні чаго‑н., дасягнуць мэты. Дастаяцца ў касу.
2. Доўгім стаяннем прынесці сабе шкоду. Дастаяўся, што ногі змерзлі.
дастая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак., што і да чаго.
Прастаяць да канца чаго‑н., да якога‑н. часу. Дастаяць вахту. □ [Вэня Шпулькевіч] увайшоў у прытвор і праводзіў вачамі кожнага, хто ўваходзіў сюды. Так ён стаяў, пакуль не пачалася адправа. Не дастану і да сярэдзіны яе, пайшоў. Чорны.