Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́дых, ‑у, м.

Разавае выштурхванне паветра з лёгкіх пры выдыханні; проціл. удых.

выдыха́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да выдыху, выдыхання. Выдыхальны рух грудной клеткі. // Які служыць, прызначаны для выдыхання. Выдыхальны клапан.

выдыха́нне 1, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. выдыхаць ​1 — выдыхнуць.

2. Тое, што і выдых.

выдыха́нне 2, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. выдыхаць ​2 — выдахнуць.

выдыха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да выдыхнуцца.

вы́дыхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Акрыяць, паправіцца. На згоне зімы летась вось так аб’язджаў жарабка, скінуўся, дык цэлы месяц пракачаўся ў пасцелі, ледзь выдыхаў. Ляўданскі. // што. Перажыць, перанесці.

выдыха́ць 1, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да выдыхнуць.

выдыха́ць 2, а́е.

Незак. да выдахнуць.

вы́дыхнуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выдыхнуць.

вы́дыхнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Патраціць усе сілы, знясілець. Відаць, выдыхнуліся яны [англічане з французамі] толькі на адной атацы, і закончылася іх наступленне. Машара.

вы́дыхнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

Выштурхнуць паветра з лёгкіх пры дыханні. — Уф-ф-фф! — выдыхнула паненка, паставіла пасудзінку і, памахаўшы рукамі, быццам яны замерзлі, пажалілася: — Цяжка! Карпюк. // Разм. Вымавіць вельмі хутка, адным выдыхам. — Добры вечар, — выдыхнула Ганна, і вочы яе ўспыхнулі радасцю. Лупсякоў.