Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

выбухо́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць выбуховага.

выбухо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да выбуху (у 1 знач.). Выбуховая сіла. Выбуховыя рэчывы. □ Валяцца дрэвы, зламаныя.. выбуховымі хвалямі, падае галлё, зрэзанае асколкамі. Мележ.

вы́буяць, ‑яе; зак.

Разм. Бурна і высока вырасці. Жыта за поплавам выбуяла ў рост чалавека. Кухараў.

выбыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выбыць.

выбыццё, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. выбыць (у 1 знач.).

вы́быць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; заг. выбудзь; зак.

1. Выйсці са складу чаго‑н.; пакінуць службу, заняткі і пад. Выбыць з піянерскай арганізацыі па ўзросту. Выбыць са школы.

2. Разм. Прабыць, правесці нейкі час дзе‑н. [Магдалена] намервалася быць тут тры тыдні, а ледзьве выбыла тыдзень. Чорны.

•••

Выбыць са строю — па якой‑н. прычыне стаць непрыгодным для выканання якіх‑н. абавязкаў.

выбяга́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. выбягаць — выбегчы.

выбяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выбегчы.

вы́вад, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. выводзіць — вывесці (у 1–3 знач.).

2. ‑у. Суджэнне, якое лагічна вынікае з меркаванняў. Тэарэтычныя, практычныя вывады. Канчатковы вывад. □ Круцілі і так і гэтак і кожны раз прыходзілі да вываду — трэба будаваць новыя печы. Карпаў.

3. ‑а. Спец. Провад або спецыяльнае прыстасаванне, прызначанае для сувязі са знешнім асяроддзем.

вы́вадак, ‑дка, м.

Чародка звяркоў, птушанят, выведзеных адной маткай. Вывадак куранят. Воўчы вывадак. □ У густой лістоце дрэў аж заходзіліся ад шчабятання маладыя вераб’іныя вывадкі. Дуброўскі. // Разм. Чые‑н. дзеці. — Што, Пецька — прыехаў? — З вывадкам і ўсімі манаткамі. Ракітны.