вы́лецець, ‑лечу, ‑леціш, ‑леціць; зак.
1. Узняўшыся адкуль‑н., паляцець. Птушка вылецела з гнязда. □ З самага крайняга вулля нечакана вылецеў рой. Кулакоўскі. // З’явіцца, паказацца адкуль‑н. у час палёту. Самалёты вылецелі з-за хмары. // Пачаць палёт, адправіцца, адляцець. Самалёт ужо вылецеў з Кіева.
2. З сілай вырвацца, выйсці на паверхню, прастор. Куля вылецела з ствала. Корак вылецеў з бутэлькі. // Імгненна выпасці адкуль‑н., з чаго‑н. Вылецелі шыбы ад выбуху.
3. перан. Імкліва выехаць, выбегчы адкуль‑н. Раптам з-за павароту дарогі вылецелі насустрач.. машыне тры грузавікі. Шамякін. Грыша схапіў кашулю і подскакам вылецеў з пакоя. Пестрак.
4. перан. Разм. Выбыць адкуль‑н. не па свайму жаданню. Вылецець з інстытута. Вылецець са службы.
•••
Вылецець (выскачыць) з галавы (з памяці) — забыцца.
Вылецець кулём (куляю) — тое, што і выскачыць кулём (куляю) (гл. выскачыць).
вы́лечаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад вылечыць.
выле́чванне, ‑я, н.
Дзеянне і працэс паводле знач. дзеясл. вылечваць — вылечыць.
выле́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да вылечыцца.
2. Зал. да вылечваць.
выле́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да вылечыць.
выле́чнасць, ‑і, ж.
Кніжн. Уласцівасць вылечнага. Вылечнасць хваробы.
выле́чны, ‑ая, ‑ае.
Які можна вылечыць. Вылечная хвароба.
вы́лечыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Стаць здаровым у выніку лячэння. Служыў.. [Сцяпан], як і раней, у Чарнаморскім флоце, быў паранены, але ўжо вылечыўся і камандуе эсмінцам. Кулакоўскі. // перан. Пазбавіцца чаго‑н., адвучыцца ад чаго‑н. Вылечыцца ад ілюзій.
вы́лечыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
Пазбавіць, выратаваць ад хваробы, лячэннем аднавіць здароўе. Вылечыць хворага. // перан. Разм. Пазбавіць, адвучыць ад чаго‑н. Вылечыць ад благіх звычак.
вылётны, ‑ая, ‑ае.
Абл. Які праходзіць навылёт, навылётны. Вылётнай ранейшай мяжы пад.. [дзічкаю] не было. Чорны.