Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

даспаганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да даспагнаць.

даспагна́ць, ‑спаганю, ‑спагоніш, ‑спагоніць; зак., што.

Спагнаць тое, што засталося неспагнаным. Даспагнаць доўг.

даспадо́бы, прысл.

Падабаецца, падыходзіць, па густу. Усё тут даспадобы, Усё на лепшы густ: Сасонкі — небаскробы, Каліны нізкі куст. Матэвушаў. Твар жанчыны ўспыхнуў чырванню, відаць было, што ёй не даспадобы прыйшлося сказанае Сяргеем Іванавічам. Марціновіч.

даспа́цца, ‑сплюся, ‑спішся, ‑спіцца; зак.

Разм. Многа сплючы, праспаўшы, давесці сябе да якіх‑н. непрыемных вынікаў.

даспа́ць, ‑сплю, ‑спіш, ‑спіць; зак.

Разм.

1. Праспаць дадаткова пэўны час, каб добра выспацца. Даць даспаць дзецям. □ І з партызанскай прыйдзеш славай, — Тады даспім і даядзім. Астрэйка.

2. Праспаць да якога‑н. часу. Даспаць да ўсходу сонца.

даспе́лы, ‑ая, ‑ае.

Які даспеў, стаў спелым. Даспелае жыта. Даспелы яблык.

даспе́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да даспяліць.

даспе́хі, ‑аў; адз. даспех, ‑а, м.

Баявое узбраенне, амуніцыя воіна ў старажытнасці. Воінскія даспехі. Рыцарскія даспехі. // Жарт., іран. Якія‑н. снасці, рэчы наогул. Дачакаўшыся суботы, я сабраў свае паляўнічыя даспехі, купіў білет на прыгарадны Мінск — Нухавічы і ўжо ў дзевяць гадзін вечара сядзеў з Антонам за сталом і вячэраў перад выхадам. Ляўданскі.

даспе́ць, ‑ее; зак.

Стаць зусім спелым. Слівы даспелі. Задума даспела. Ураджай даспеў. □ Чарэшні навісаюць млява, даспелі ўжо да чарнаты. Пысін.

даспрача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. Закончыць спрэчку (спрэчкі).

2. Доўга спрачаючыся, дайсці да непрыемных вынікаў. Даспрачаліся да бойкі.