Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́перці, ‑пру, ‑праш, ‑пра; пр. выпер, ‑рла; зак.

1. што. Выціснуць, выдушыць што‑н. адкуль‑н. Выперці дно ў бочцы. Выперці шыбу.

2. каго. Разм. Прымусіць выйсці, выехаць адкуль‑н.; выгнаць. Выперці дзяцей з хаты. □ Напэўна б сход сарваўся, Але Трэзор Прыдумаў, чым даць рады: За вуха ўхапіў Свінню, Казёл паддаў ёй ззаду, і выперлі нягодніцу на двор. Корбан. // Выключыць, звольніць каго‑н. адкуль‑н. Выперці з установы.

3. без дап. Разм. Выдацца, высунуцца за межы чаго‑н. Выперці наперад.

вы́перціся, ‑пруся, ‑прашся, ‑прэцца; зак.

Разм.

1. Выйсці, вылезці адкуль‑н., пераадолеўшы перашкоды. Конь выперся з хлява.

2. Выдацца, высунуцца за межы чаго‑н. Выперціся наперад.

вы́пеставаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выпеставаць.

вы́пеставаць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

1. Клапатліва ўзгадаваць, выняньчыць. Нягожа [Цупрону] пакідаць адну старую маці, якая выпеставала і ўзрасціла яго. Лупсякоў.

2. перан. Выхаваць, вынасіць. Герой хацеў бы бачыць жыццё пабудаваным згодна з тымі ідэаламі, якія выпеставаў ён у сваёй душы. Навуменка.

вы́песціць, ‑пешчу, ‑песціш, ‑песціць; зак., каго-што.

1. Тое, што і выпеставаць. Выпесціць дзіця. □ А ён жа гэтага Сітніка і вывучыў, і выпесціў. Дуброўскі. // Доглядам дасягнуць найлепшага выгляду. Выпесціць рукі.

2. перан. Вынасіць у сабе (думку, ідэю, пачуццё і пад.). Выпесціць мару.

вы́петляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

Выйсці адкуль‑н. не прамой дарогай, а пятляючы.

вы́петраны, ‑ая, ‑ае.

Высахлы, перасохлы, выветраны; худы. Старую, выпетраную на сонцы шапку з аблупленым.. брылём.. я з ахвотаю перадаў малодшаму брату Юзіку. Якімовіч. Бабка Анісся, наадварот, была мажная, грузная і панурая — поўная процілегласць свайму сухому, выпетранаму дзеду. Васілевіч.

вы́петраць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Высахшы, страціць свае якасці, колер і пад.; выветрыцца, засохнуць; схуднець. Пад гарачым, сонцам і ветрам выпетрала трава. □ — А худы які! — здзівіўся Іван, гледзячы на Міколу. — Чаго так выпетраў? Вобла, а не чалавек. Новікаў.

вы́печаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выпечы.

вы́печка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выпякаць — выпечы (у 1, 2 знач.).

2. Якасць выпечанага, спечанага. [Гаспадар:] — Глядзіце ў мяне — старайцеся! Выпечка павінна быць добрая... Бядуля.

3. Тое, што выпечана, спечана пякарняй, заводам за пэўны час; выпечаная прадукцыя. Дзённая выпечка.