Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

халада... (гл. холада...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужыв. замест «холада...», калі націск у другой частцы слова падае на першы склад, напр.: халадабойня, халадатранспарт, халадатэхніка.

хол, -а, мн. -ы, -аў, м.

Вялікае памяшканне ў грамадскіх будынках (гасцініцах, тэатрах і пад.) для адпачынку, чакання.

хо́лад, -у, М -дзе, мн. халады́, -о́ў, м.

1. толькі адз. Нізкая тэмпература паветра.

Адчуваць х.

2. Надвор’е з нізкай тэмпературай паветра.

Рана пачаліся халады.

3. толькі адз. Адчуванне дрыжыкаў (ад хваробы, страху і пад.).

Х. прабег па спіне.

4. толькі адз., перан. Раўнадушныя, стрыманыя адносіны да каго-, чаго-н.

Ад яго слоў веяла холадам.

холада... (а таксама халада...).

Першая састаўная частка складаных слоў са знач.:

1) які мае адносіны да холаду (у 1 знач.), напр.: холадалюбівы, холадаўстойлівы;

2) які мае адносіны да халадзільных установак, напр. холадакамбінат.

хо́ладна, у знач. вык.

1. Пра халоднае надвор’е.

Раніцай х.

2. каму-чаму. Аб стане чалавека, які адчувае холад.

Мне х.

хо́лдынг, -а, мн. -і, -аў, м.

Прадпрыемства, фірма і пад., якія з’яўляюцца ўладальнікамі кантрольных пакетаў акцый іншых прадпрыемстваў, ажыццяўляюць кантроль за іх дзейнасцю і атрымліваюць даходы ў выглядзе дывідэндаў.