Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

ву́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць; незак., каго.

Лавіць вудай (рыбу).

|| наз. вуджэ́нне, -я, н.

вуж, вужа́ і (радзей) ву́жа, мн. вужы́, -о́ў, м.

Адна з неядавітых змей сямейства паўзуноў.

Выкручвацца вужом (таксама перан.:

1) падлізвацца, падлашчвацца, дабіваючыся чаго-н.;

2) падманам, хітрасцю старацца выйсці з цяжкага становішча).

|| прым. вужо́вы, -ая, -ае.

вужаві́нне, -я, н.

Скура змяі, скінутая ў час лінькі.

вужа́ка, -і, ДМа́цы, мн. -і, -жа́к, ж.

1. Агульная назва паўзуноў з доўгім гнуткім целам без ног; змяя (разм.).

Віцца вужакай (таксама перан.: падлізвацца, падлашчвацца, дабіваючыся чаго-н.).

2. перан. Пра ліхога, каварнага чалавека.

|| прым. вужа́чы, -ая, -ае.

Вужачая скура.

вужаня́ і вужанё, -ня́ці, мн.я́ты, -ня́т, н.

Дзіцяня вужа.

вужы́шча, -а, мн. -ы, -аў, н.

Тоўстая кручаная вяроўка, якой уціскаюць вазы (з сенам, снапамі і пад.).

вуза́, -ы́, ж.

Клейкае рэчыва, якое выпрацоўваюць пчолы з гаючых смалістых выдзяленняў пупышак дрэў (бярозы, таполі, асіны); пропаліс.

вуздэ́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

Частка вупражы — аброць з рамянёў з цуглямі, якая надзяваецца на галаву каню.

Раменная в.

|| прым. вуздэ́чкавы, -ая, -ае.

ву́зел¹, -зла́, мн. -злы́, -зло́ў, м.

1. Месца, дзе звязаны канцы чаго-н. або зацягнута пятля на чым-н.

Завязаць в. або вузлом.

В. на канаце.

Хусцінка на шыі завязана ў в.

Марскі в. (асобы спосаб завязвання тросаў у маракоў).

2. Месца перакрыжавання, стыку чаго-н. і пад. (ліній, магістралей, валокнаў і пад.).

Чыгуначны в.

В. дарог.

Тэлеграфны в.

Нервовы в.

В. супярэчнасцей (перан.).

3. Частка механізма або тэхнічнае ўстройства, якія ўяўляюць сабой складанае злучэнне дэталей, асобных частак (спец.).

Зборка вузлоў.

Санітарныя вузлы ў кватэрах (каналізацыя, водаправод і пад.).

4. Тое, што і клунак.

Звязаць рэчы ў в.

Гордзіеў вузел (кніжн.) — пра заблытаныя абставіны, справы [па імені цара Гордзія, што завязаў вузел, які быў рассечаны Аляксандрам Македонскім].

Рассячы гордзіеў вузел (смела вырашыць цяжкае пытанне).

|| памянш. вузе́льчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 і 4 знач.).

|| прым. вузлавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.).

ву́зел², -зла́, мн. -злы́, -зло́ў, м. (спец.).

Адзінка скорасці судна, роўная адной марской мілі ў гадзіну.