Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

гі́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

Вузкая і доўгая спартыўная шлюпка з нізкімі бартамі.

гіяцы́нт, -а і -у, М -нце, мн. -ы, -аў, м.

1. -а. Травяністая расліна сямейства гіяцынтавых з прадаўгаватымі вузкімі лістамі і пахучымі кветкамі, сабранымі ў суквецце.

2. -у. Мінерал чырвонага ці залацістааранжавага колеру, разнавіднасць цыркону.

|| прым. гіяцы́нтавы, -ая, -ае.

глаба́льны, -ая, -ае.

Усеагульны, які ахоплівае ўвесь зямны шар, увесь свет.

Праблема чыстай вады набыла г. характар.

Глабальная ракета — ракета, якая можа даставіць баявы зарад у любое месца зямнога шара.

|| наз. глаба́льнасць, -і, ж.

глава́, -ы́, мн. гла́вы і (з ліч. 2, 3, 4) главы́, глаў, ж.

Раздзел кнігі, артыкула і пад.

Г. аповесці.

глаго́ліца, -ы, ж.

Адна з дзвюх стараславянскіх азбук, якая амаль поўнасцю супадае з кірыліцай па складзе, але адрозніваецца формай літар.

|| прым. глагалі́чны, -ая, -ае.

Глагалічнае пісьмо.

гладзі́льны, -ая, -ае.

Тое, што і прасавальны.

гла́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць; гладзь; -джаны; незак.

1. каго-што. Лёгка, ласкава праводзіць рукой па чым-н.

Г. па галоўцы (таксама перан.: патураць каму-н.). Г. супраць шэрсці (таксама перан.: гаварыць ці рабіць каму-н. наперакор).

2. Тое, што і прасаваць¹.

|| зак. пагла́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць; -джаны.

|| наз. гла́джанне, -я, н.

гладзь¹, -і, ж.

Роўная паверхня чаго-н.

Г. мора.

гладзь², -і, ж.

Спосаб вышывання шырокімі шчыльнымі шыўкамі.

гладка...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач. гладкі, напр.: гладкаскуры, гладкашэрсны, гладкалісты.