Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

тады́, прысл.

1. У той час, у мінулым, не цяпер.

Т. дзеці яшчэ не ўмелі чытаць.

2. Пры пэўных умовах, абставінах.

Сходзіш у магазін па хлеб, т. толькі можаш ісці гуляць.

3. Ужыв. як суадноснае слова ў галоўным сказе пры дадан. часу са злучнікам «калі».

Калі мне прынясуць кнігу, т. прачытаю.

4. у знач. злуч. Выкарыстоўваецца ў спалучэнні са злучнікам «як» у даданых часавых супастаўляльных сказах са знач.: у той час як, нягледзячы на тое што.

Мы толькі снедалі, т. як яны ўжо садзіліся абедаць.

тады́шні, -яя, -яе (разм.).

Які быў задоўга да цяперашняга часу, тагачасны (у 1 знач.).

Тадышнія падзеі.

тады́-сяды́, прысл.

Час ад часу, калі-нікалі, іншы раз.

тае́жнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Чалавек, які жыве ў тайзе і займаецца таежным промыслам.

|| ж. тае́жніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

тае́жны гл. тайга.

тае́мнік, -у, м.

Шматгадовая травяністая бесхларафільная расліна сямейства заразіхавых, якая паразітуе на каранях ляшчыны, вольхі і пад.

тае́мны, -ая, -ае.

1. Схаваны, невядомы, непрыкметны для іншых.

2. Загадкавы, невядомы, акружаны тайнай.

3. У якім схавана тайна.

|| наз. тае́мнасць, -і, ж.

таз¹, -а, мн. -ы́, -о́ў, м.

Шырокая і неглыбокая круглая металічная або пластмасавая пасудзіна.

Т. для варэння.

|| памянш. та́зік, -а, мн. -і, -аў, м.

таз², -а, мн. -ы́, -о́ў, м.

Частка шкілета чалавека і жывёлін — касцявы пояс, які апіраецца на ніжнія (у жывёлін — на заднія) канечнасці і з’яўляецца апорай для пазваночніка.

|| прым. та́завы, -ая, -ае.

Тазавыя косці.

тазасцегнавы́, -а́я, -о́е.

Які злучае сцягно з тазавай косцю, які знаходзіцца на месцы іх сутыкнення.

Т. сустаў.