Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

бенедыкці́н, -у, м.

Адзін з гатункаў французскага лікёру.

бенефі́с, -у, мн. -ы, -аў, м.

Спектакль у гонар або на карысць аднаго з яго ўдзельнікаў.

|| прым. бенефі́сны, -ая, -ае.

бенефіцыя́нт, -а, М -нце, мн. -ы, -аў, м.

Артыст, на карысць якога даецца бенефіс.

|| ж. бенефіцыя́нтка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

бензаво́з, -а, мн. -ы, -аў, м.

Аўтацыстэрна для перавозкі бензіну і іншага вадкага паліва.

|| прым. бензаво́зны, -ая, -ае.

бензазапра́ўшчык, -а, мн. -і, -аў, м.

Спецыяльная аўтацыстэрна, абсталяваная для запраўкі аўтамашын, самалётаў, танкаў.

бензі́н, -у, м.

Бясколерная гаручая вадкасць, якая атрымліваецца пры перагонцы нафты.

|| прым. бензі́навы, -ая, -ае.

бензо́л, -у, м.

Бясколерная гаручая вадкасць са своеасаблівым пахам, якая атрымліваецца пры сухой перагонцы вугалю, нафты і выкарыстоўваецца ў хімічнай прамысловасці.

|| прым. бензо́лавы, -ая, -ае.

бенуа́р, -а, мн. -ы, -аў, м.

Ніжні ярус лож² у тэатры, які размешчаны на ўзроўні партэра.

|| прым. бенуа́рны, -ая, -ае.

бе́раг, -а, М -разе, мн. берагі́, -о́ў, м.

1. Край, паласа зямлі каля вадаёма.

Пясчаны б.

2. Суша (у процілегласць вадзе).

Сысці на б.

3. Край тканіны.

Б. палатна.

4. Верхні край якой-н. пасудзіны.

Вядро вады роўна з берагамі.

Прыстаць да берага (разм.) — знайсці якое-н. месца для пастаяннага жыцця.

|| памянш. беражо́к, -жка́, мн. -жкі́, -жко́ў, м. (да 1, 3 і 4 знач.).

|| прым. берагавы́, -а́я, -о́е.

берагчы́, -рагу́, -ражэ́ш, -ражэ́; -ражо́м, -ражаце́, -рагу́ць; бяро́г, берагла́, -ло́; -ражы́; незак., каго-што.

1. Захоўваць, ашчадна расходаваць; марна не траціць.

Б. здароўе.

Б. кожную капейку.

2. Клапатліва ахоўваць каго-, што-н., засцерагаць ад чаго-н.

Б. тайну.

Б. дзіця.